На МТЗ выявілі недастачу, работнікі адмаўляюцца плаціць

На МТЗ выявілі недастачу, работнікі адмаўляюцца плаціць

На адным са складоў цэха камплектацыі Мінскага трактарнага завода выявілі недастачу амаль у 8 тысяч рублёў, піша tut.by

Праверка адбылася на пачатку лістапада. Выявілася, што з красавіка па кастрычнік 2017-га зніклі 272 рычагі са шчоткай на агульную суму 7 917,92 рублёў.

Службовая праверка высветліла, што дэталі зніклі праз "неналежнае выкананне" працоўных інструкцый работнікамі склада. Адміністрацыя вырашыла спагнаць недастачу за кошт матэрыяльна адказных асоб, а імі з'яўляюцца ўсе работнікі склада. Факт крадзяжу дэталяў выявіць не ўдалося, бо на складзе няма відэакамераў назірання. 

Завадчане адмаўляюцца плаціць са сваёй кішэні і кажуць, што не раз папярэджвалі начальства пра недастачы. Па словах работнікаў, пра недастачу дэталяў начальніку цэха паведамлялі ў ліпені, аднак ён увагі не звярнуў. 

Адміністрацыя завода паведаміла журналістам, што згодна з законам пры недастачы адказнасць нясуць матэрыяльна адказныя асобы — гэта значыць, работнікі склада. Пасля таго, як яны адмовіліся плаціць, кіраўніцтва завода падало заяву ў РУУС Партызанскага раёна. Па выніках міліцэйскай праверкі кіраўніцтва завода можа спагнаць суму недастачы з работнікаў праз суд. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі