На новым альбоме Атмараві зарабіў 23 долара 40 цэнтаў

Беларускі музыка Атмараві, які апошнім часам жыве ў Санкт-Пецярбургу, плануе выдаць новы альбом. "Неяк да пачатку лютага, я думаю, ужо з'явіцца пэўны аб'ём песень. Магчыма, я нават здолею перадаць іх каму-небудзь на звядзенне ды майстарынг. Ну, а там паглядзім!" – распавёў Еўрарадыё сам музыкант.

Праўда, ён прызнаўся, што з-за вялікай колькасці канцэртаў у яго бракуе часу на запіс. Цікава, што Раві доўгі час вагаўся, ці варта ўвогуле запісваць яшчэ адзін дыск, бо апошні канцэртны альбом не дадаў яму стымулаў.

Атмараві: "Калі я выпусціў сем альбомаў, людзі даўно ўжо прасілі канцэртны альбом, і вось я яго зрабіў. Гэта вынікі запісу мінскага і гомельскага канцэртаў у траўні пад назвай "Запасной выход". Ён быў апублікаваны 15 кастрычніка, і на гэты момант яго спампавалі 35 разоў, па-мойму. З іх сем разоў была праведзена аплата, агульная сума якой 23 долары і нешта каля 40 цэнтаў. То бок, гэта нават больш антыстымул. Я, як і Барыс Грэбеншчыкоў, не бачу вялікай патрэбы ў запісе альбомаў. Навошта марнаваць час, сілы, энергію, калі няма попыту. Але, тым не менш, зусім нелагічная частка мяне жадае ствараць больш складаныя рэчы, эксперыментаваць з гукам і ствараць пэўныя прасторы".

Усё ж рашэнне прынятае, тым больш, зараз Атмараві пажывіўся новым музычным інструментам – мікшар-флэш-аблічбоўшчык, які па словах музыкі значна паскорыць працэс запісу.

Варта адзначыць, што Раві ўжо думаў над назвай будучай кружэлкі, але пакуль атрымліваліся толькі жартаўлівыя, напрыклад, "Безнал" ці прыдуманая з Сяргеем Пукстам "То же самое". Праўда, на думку музыкі, пакуль пра назву казаць рана, хоць і ёсць жаданне максімальна адысці ад пафасу.

Атмараві: "У мяне каля 25 песень ёсць, якія я назапасіў за апошнія некалькі гадоў, і я пакуль не ведаю, якія з іх з'явяцца на альбоме. Мне падаецца, што цікава называць альбом хоць бы нейкай цытатай з песні, але не па назве адной з кампазіцый, гэта вельмі спрашчае ўспрыняцце дыска".

Фота: fotki.yandex.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі