На размалёўку дома творам мастака Хруцкага мінчук сабраў 14 мільёнаў

Выпускнік Акадэміі мастацтваў Міця Післяк хоча намаляваць твор мастака Івана Хруцкага “Партрэт жонкі з кветкамі і садавіной” на сцяне жылога дома №25 па вуліцы Карла Маркса ў Мінску.

На работы па падрыхтоўцы сцяны, а таксама на фарбы і будаўнічыя рыштаванні яму трэба 32 млн рублёў. Каб сабраць грошы, мастак размясціў свой праект на краўндфандынгавай пляцоўцы ulej.by.

На 1 чэрвеня мастаку ўдалося сабраць каля 44% ад неабходнай сумы, ці 14 мільёнаў рублёў. Вось што ён распавёў у каментары Еўрарадыё:

Мінчук хоча размаляваць дом на Маркса творам мастака Івана Хруцкага

“На сённяшні дзень 44% сабрана ад неабходнай сумы. Па фінансавай частцы са мной звязваліся з “Прыёрбанка” і “Velcom’а” – яны сказалі, што згодныя прафінансаваць застаўшуюся частку, калі яна ўвогуле будзе. Але ў мяне працэс узгаднення не да канца завершаны. Адміністрацыя раёна мне дала згоду на праект, а зараз дакументы на разглядзе ў Мінгарвыканкаме, але там таксама ўсё павінна быць у парадку”.

Карціну Івана Хруцкага “Партрэт жонкі з кветкамі і садавіной” жыхары дома №25 па вуліцы Карла Маркса могуць убачыць у ліпені-жніўні. Пры гэтым калегі Післяка з мастацкага асяроддзя ўжо паспелі выказаць свае сумневы ў гэтым праекце. Асноўны аргумент супраць у тым, што мастак недастаткова вядомы, каб размалёўваць будынкі ў цэнтры беларускай сталіцы. 

Фота: з сацыяльнай сеткі facebook.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі