На СТВ прапанавалі зрабіць 3 ліпеня працоўным днём

Кастрычніцкая плошча ў Мінску / "Минск-Новости"
Кастрычніцкая плошча ў Мінску / "Минск-Новости"

На святочных мерапрыемствах 3 ліпеня ў Мінску было мала людзей, звярнула ўвагу вядучая праграмы "Па сутнасці" на канале СТВ Алена Сырова. Яе гэта абурыла. "Дзе большая частка? За горадам адпачываюць, і, прабачце за шчырасць, асабліва пра Дзень незалежнасці не думаюць", — сказала яна. У гэтай сувязі яна прапанавала зрабіць гэты дзень рабочым. Не было б крыўдна артыстам, якія спявалі на пустых пляцоўках, і выгадна для эканомікі, аргументавала супрацоўніца тэлеканала.

З ёй не пагадзіўся госць праграмы — генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў. На яго думку, выхадны дзень 3 ліпеня замацоўвае ў галовах беларусаў думку, што гэты дзень — свята. "Калі мы зробім Дзень незалежнасці ці 9 траўня працоўным днём, мы прыйдзем на працу і скажам: "са святам" — і ўсё. І скора мы самі нівелюем значнасць гэтага свята", — сказаў ён. Пры гэтым Шаўцоў адзначыў, як бы не напампоўвалі аўдыторыю ідэолагі і СМІ, калі чалавек захоча паехаць на лецішча, ён усё роўна туды паедзе.

3 ліпеня — Дзень вызвалення Мінска — стаў Днём Незалежнасці па ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі. Да 1996 года гэтае свята адзначалася ў Беларусі 27 ліпеня і было прысвечанае прыняццю Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі