На вечарыне ў гонар баскетбалістак трэнер усё ж апрануў сукенку (фота+відэа)

У сталічным Мэдысан-клубе жаночая зборная Беларусі па баскетболе адзначыла свае дасягненні на сёлетнім чэмпіянаце свету. За чацвёртае месца дзяржава і спонсары ўзнагародзілі каманду грашыма, кветкамі і бялізнай. А самі дзяўчаты падзяліліся з Еўрарадыё ўражаннямі ад чэмпіянату і асабістымі сакрэтамі.
Беларуская федэрацыя баскетбола зладзіла ўрачыстую вечарыну ў гонар жаночай зборнай Беларусі. Нягледзячы на тое, што чацвёртае месца не забяспечыла камандзе медалёў, гэта дасягненне стала самым значным для беларускіх баскетбалістак.

Пасля нядоўгай прэс-канферэнцыі, падчас якой дзяўчаты адказвалі на звыклыя ўжо пытанні, а старшыня Беларускай федэрацыі баскетбола Віктар Камянкоў абяцаў, што неўзабаве пабудуецца вялікі спартовы палац, пачалася забаўляльная частка.



Перад публікай з’явіліся аголеныя жанчыны, абматаныя цэлафанавай плёнкай. Яны расставілі на сталах перад баскетбалісткам свечкі і ўручылі мячык. Дзейства называлася "Ода баскетбольнаму мячыку".



Алену Леўчанку назвалі "Міс PR"

Цягам вечара вядучыя прысвойвалі ўдзельніцам зборнай розныя жартаўлівыя званні і давалі дыпломы, якія гэта пацвярджаюць. Так, напрыклад, Алена Леўчанка стала "Міс PR", Марына Крэс  - "Душой кампаніі", "Мячык - усяму галава" -- Наталля Марчанка. Анастасія Верамеенка атрымала званне "Самая чыстая банка".


На некаторыя намінацыі ў рэжысёраў імпрэзы, напэўна, не хапіла фантазіі. Капітан зборнай, Наталля Трафімава, напрыклад, атрымала рамку са званнем "Эй, капітан!". Былі яшчэ і такія намінацыі, як "Чорт падзяры" і "Калена".

Таццяна Ліхтаровіч атрымала тытул "Міс скачок".


На банкеце баскетбалісткі не падаваліся разняволенымі. Але падчас інтэрв'ю Еўрарадыё аказаліся вельмі адкрытымі і кантактнымі. Наталля Ануфрыенка, напрыклад, прызналася, што пасля чэмпіянату свету ў яе з'явілася адчуванне пустаты:

"Такое адчуванне, што так усё было весела, а цяпер нейкая пустата, як усё скончылася. А самае вясёлае – гэта нашы ўражанні пасля гульні з Расіяй. Гэта самае вясёлае, што мне запомнілася".

З сабой Наталля заўсёды возіць талісман, які прыносіць ёй удачу.

"Ёсць коцік, якога мне падараваў мой заўзятар. Яго завуць Ціма. Гэта цацачны маленькі коцік з зялёнымі вушкамі. Ён увесь час са мной".

Вечарыну наведалі прадстаўнікі беларускага спартовага чынавенства.


У перапынках паміж выступамі вядучых і спевакоў, чыноўнікі віншавалі дзяўчат, дарылі нешта ў пакеціках і шмат абяцалі.

Міністр спорту Алег Качан і памочнік прэзідэнта па спорце Ігар Заічкоў

Ігар Заічкоў уручыў Наташы Трафімавай нешта ў невялікай сіненькай каробачцы (верагодна, нешта каштоўнае).






Алена Леўчанка
расказала, што лічыць абавязковым кантактаваць з заўзятарамі, бо яны гэтага заслужылі, і прызналася, што усё ж пакаштавала чэшскага піва, бо яно добра аднаўляе:

"Як гэта, пабыць у Чэхіі і не пакаштаваць чэшскага піва?! Я вельмі люблю цёмнага "Казла". Увогуле, я прыхільнік цёмнага піва. Я лічу, што яно больш карыснае. Не думаю, што тут нешта кепскае. Піва – гэта вітамінка B. Яно добра аднаўляе, асабліва калі шмат пабегаеш. Але мы не гаворым, натуральна, пра 20 бутэлек. Гэта нармальна, калі ўмерана".





Алена Леўчанка вучыцца ў Амерыцы на міжнародных адносінах, і ёй пару месяцаў засталося, каб закончыць універсітэт. На чацвёрку па 5-бальнай. Як будучы занятак яна разглядае мадэльны бізнес:

"На сённяшні дзень не так і цяжка гэта вызначыць. Я стараюся займацца нейкімі іншымі справамі, знайсці сябе. Цікаўлюся вельмі мадэльным бізнесам. Магла б удзельнічаць у якасці мадэлі. Хацелася б паказаць, што жанчыны ў спорце – таксама прыгожыя і жаноцкія. Дарэчы, у Беларусі ўпершыню праходзіць "Тыдзень моды", і я планую па магчымасці яго наведаць".


Наталля Ануфрыенка атрымала дыплом у намінацыі "Марш-кідок".

А вось капітан зборнай, Наталля Трафімава, больш думае пра спорт, і ўпэўненая, што з Расіяй каманда згуляла на 100%, таму вынік быў адпаведны.

"Я не думаю, што мы на 100% паказалі тое, на што здольныя. Таму мы будзем імкнуцца, прыбаўляць, і калі-небудзь згуляем турнір на 100% нашых магчымасцяў".

Што тычыцца Расіі, то гэта перамога, паводле Наталлі, заканамерная:

"Насамрэч мы даўно ведалі, што можам іх абыграць. Кожны год мы падбіраліся да іх усё бліжэй і бліжэй, але ў нас чагосьці заўсёды не хапала. Напэўна, гульня на 100%, пра якую я ўжо казала, здарылася падчас матчу з расіянкамі, таму і вынік такі".

Асобна капітан адзначыла адносіны ў камандзе, якія дазваляюць не падаць духам пасля няўдач.

Наталля Трафімава: "Прыбыванне і гульня ў такім калектыве, у такой камандзе – гэта суцэльны пазітыў, нават калі прайграеш. У камандзе мы больш чым сяброўкі. Мы практычна сёстры, і гэтым усё сказана".




Для форварада і галоўнага сэкс-сімвала зборнай Таццяны Троінай самай лепшай і самай цяжкай стала перамога над Грэцыяй:

"Для мяне асабіста, самая лепшая перамога была над камандай Грэцыі. Гэта гульня вырашала наш выхад у васьмёрку, а гэта быў мінімум таго, чаго мы хацелі дабіцца. Да таго ж гульня атрымалася такая нервовая, напружаная, і было вельмі шмат аддадзена эмоцый. Быў вельмі цяжкі псіхалагічны момант: яны нас і дагналі, амаль перагналі. Была вельмі складаная гульня, але самая важная".

А на адно з самых папулярных пытанняў, як святкавалі свае перамогі, Таццяна адказала, што... ніяк.

Таццяна Троіна: "Рэжымілі! Рэжымілі канкрэтна, і пасля кожнай гульні не заставалася сіл увогуле ні на што, таму проста хацелася дабрацца да ложка і адпачыць".




Трэнер Анатоль Буяльскі

Дарэчы, адзін з трэнераў зборнай, Дзмітрый Сядоў, усё ж зрабіў абяцанае. Ён апрануў сукенку. Гэта была форменная сукенка нацыянальнай баскетбольнай каманды з прозвішчам Вікторыі Гаспер.

Нагадаем, што Сядоў паабяцаў апрануцца ў жаночы строй, калі на чэмпіянаце свету беларускі перамогуць зборную Расіі. Нашы дзяўчаты адолелі расіянак з лікам 70:53. Пад канец вечара трэнер стрымаў слова:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі