На Віцебшчыне 11 чалавек трапілі да псіхіятраў пасля “лячэння” ў экстрасэнсаў
У Віцебскай вобласці 11 чалавек трапілі да псіхіятраў пасля “лячэння” ў тэлевізійных экстрасэнсаў. Некаторыя з гэтых людзей пазбавіліся значных сумаў грошай, піша газета “СБ. Беларусь сегодня”.
Уладальніца прыватнага аўтабізнесу пералічыла махлярам 120 тысяч долараў, яна зрабіла 38 банкаўскіх пераводаў у замежжа. 54-гадовая жанчына кажа, што ўсё пачалося пасля таго, як яна пабачыла выступ экстрасэнса на спадарожнікавым канале і патэлефанавала на “прамую лінію”. Высветлілася, што з экстрасэнсам працуе цэлая каманда, якая выкарыстоўвае самыя сучасныя спосабы ўздзеяння на псіхіку. На працягу дзесяці месяцаў кожную раніцу з беларускай звязваліся “спецыялісты”, якія ўводзілі яе ў транс і, нібыта, вырашалі праблемы яе сям’і. За кожны “сеанс” патрабавалі аплату. Калі ўласныя зберажэнні скончыліся, жанчына стала пазычаць грошы. А калі махляры зразумелі, што яе фінансавыя рэсурсы вычарпаныя, сталі штурхаць да самагубства.
Для жанчыны ўсё скончылася бальніцай. Ад “эстрасэнсорнай” залежнасці яна здолела пазбавіцца. Каб разлічыцца з даўгамі, жыхарка Віцебска прадае кватэру, гараж і машыну. Паводле слоў пацярпелай, у бальніцы лекары ёй сказалі, што ведаюць некалькі такіх гісторый, у іх лячылася выкладчык аднаго з універсітэтаў.
У міліцыі кажуць, што гэтае злачынства новае, “методыка яшчэ не адпрацавана”, а падазраваныя знаходзяцца на тэрыторыі суседняй дзяржавы і афіцыйна прадастаўляюць “біяэнергетычныя паслугі”. Да праваахоўнікаў заяву прынесла не толькі ўладальніца прыватнага аўтабізнесу. Іншая жанчына перавяла ў Маскву “экстрасенсам” 15 тысяч долараў. Яна сцвярджае, што ў дачыненні да яе выкарыстоўваўся гіпноз.