На Віцебшчыне з’явіўся ілже-бацюшка
На Віцебшчыне з’явіўся ілжэ-бацюшка, папярэджвае сайт Віцебскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы. Рэлігійны махляр Георгі Крот прадстаўляецца архімандрытам Грузінскай праваслаўнай царквы ў Абхазіі і карыстаецца даверам недасведчаных людзей.
Паводле інфармацыі епархіі, Юрый Уладзіміравіч Крот нарадзіўся ў 1985 годзе ў Глуску Магілёўскай вобласці і да 2012 года працаваў качагарам, а пасля заняўся махлярствам. У якасці доказу сваёй прыналежнасці да праваслаўнага кліра мужчына выкарыстоўвае фальшывыя дакументы, хоць у Грузінскай праваслаўнай царкве пра такога святара не ведаюць.
Раней Юрыя Крата злавілі на махлярскай дзейнасці ў Мінскай і Магілёўскай вобласці — у прыватнасці, ён збіраў у людзей грошы нібыта ў якасці ахвяраванняў. Прыканцы 2012 года ён пісьмова прасіў даравання ў епіскапа Бабруйскага і Быхаўскага і абяцаў больш не грашыць. Аднак свайго абяцання ілжэ-бацюшка не выканаў — цяпер ён збірае грошы “на грузінскую царкву”, чыніць абрады, просіцца на начлег і часам бясплатна ездзіць на таксоўцы.
Цяпер праваслаўныя клірыкі ўжо не спадзяюцца на сумленне “святара” і просяць усіх, хто ведае пра яго махлярскую дзейнасць, звяртацца ў міліцыю.