На віцябляніна пачалі крымінальную справу за сарваны дзяржаўны сцяг
Пракуратура Віцебска 29 траўня пачала крымінальную справу на мясцовага жыхара за здзек над дзяржаўнымі сімваламі, інфармуе БЕЛТА.
Трэцяга траўня праваахоўнікі атрымалі паведамленне, што з фасада крамы на ажыўленым праспекце Віцебска знік дзяржаўны сцяг. Ён быў вывешаны ў гонар Свята працы, 1 Траўня.
Праз нейкі час супрацоўнікам міліцыі ўдалося выявіць зламысніка і знайсці палотнішча. Выявілася, што злачынства адбылося ўвечары 2 траўня. 45-гадовы віцяблянін сарваў сцяг і, прыхапіўшы яго з сабой, пайшоў у госці да сяброў.
Крымінальная справа на мужчыну накіраваная для папярэдняга следства ў гарадскі аддзел Следчага камітэта.
Як адзначаюць у пракуратуры, у 2016 годзе справы гэтай катэгорыі ў Беларусі не пачыналіся, у 2017-м — гэта першы такі выпадак.