На вуліцах беларускіх гарадоў з'явіцца 2400 цыгарэтных шапікаў
На працягу бліжэйшых двух гадоў на вуліцах беларускіх гарадоў з'явяцца амаль 2500 кропак па продажы цыгарэтаў. Займацца імі будзе кампанія "Энерга-Оіл", падкантрольная бізнесоўцу Аляксею Алексіну, піша tut.by.
Шапікі, крамы і павільёны па продажы цыгарэтаў з'явяцца ў рамках інвестпраекта па стварэнні недзяржаўнай сеткі па гандлі тытунёвымі вырабамі.
Мясцовыя выканкамы, па звестках tut.by, будуць абавязаныя без аўкцыёну даць інвестару ў арэнду зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўвання гандлёвых аб'ектаў. У гэтых кропках тытунёвыя вырабы будуць складаць не менш за 80% тавару.
Да канца 2018 года "Энерга-Оіл" мусіць атрымаць амаль 1000 зямельных участкаў ва ўсіх абласцях, прычым каля 190 з іх — у Мінску. Да канца 2019-га іх колькасць мусіць павялічыцца прыкладна да 2500, а ў Мінску будзе каля 500 з іх.
"Энерга-Оіл" не заўжды будзе ставіць новыя шапікі ці павільёны — часам кампанія будзе карыстацца ўжо наяўнымі. Напрыклад, у арэнду ёй перайшлі ўсе кіёскі "Тытунь" Гродзенскай тытунёвай фабрыкі "Нёман".