Нацыянальны адбор на “Еўрабачанне” пазбавіўся паўфіналаў
Так было вырашана падчас першага паседжання аргкамітэту па падрыхтоўцы конкурсу.
Нацыянальны адбор на міжнародны конкурс “Еўрабачанне” сёлета пройдзе толькі ў адзін этап. Такое рашэнне было прынятае падчас першага паседжання аргкамітэта па падрыхтоўцы конкурсу, які днямі прайшоў у Белтэлерадыёкампаніі.
“Калі адштурхоўвацца ад досведу папярэдніх адбораў, то ў гэтым няма вострай неабходнасці”, — тлумачыць рашэнне адмовіцца ад паўфінальных адбораў кіраўнік працэсу Вольга Шлягер.
У фінале возьмуць удзел 15 выканаўцаў, лепшага з якіх вызначыць глядацкае галасаванне і галасаванне журы. Імя прадстаўніка Беларусі на міжнародным песенным конкурсе “Еўрабачанне-2014” назавуць на пачатку студзеня. Падрабязная інфармацыя пра ўмовы конкурсу, куды ды як падаваць заяўкі, а таксама даты адбору будуць названыя неўзабаве.
59-ы конкурс песні “Еўрабачанне” пройдзе ў Даніі з 6 па 10 траўня 2014 года. У папярэднім конкурсе, які праходзіў у шведскім Мальмё, перамагла песня “Only Teardrops” у выкананні датчанкі Эмілі дэ Форэст.