Нацыянальны аэрапорт "Мінск" прайграў суд сайту petitions.by
Адміністрацыя Нацыянальнага аэрапорта "Мінск" прайграла ў судзе сайту petitions.by. Разгляд справы прайшоў 30 жніўня ў Эканамічным судзе Мінска.
Нагодай для судовага працэсу стала петыцыя, размешчаная 6 ліпеня на інтэрнэт-пляцоўцы. Ініцыятары звароту заклікалі дапусціць усіх перавозчыкаў да працы на тэрыторыі аэрапорта. Яны хацелі адмяніць абмежаванні на колькасць бясплатных заездаў для таксовак і службаў перавозкі, якія ўвяла адміністрацыя аэравакзала.
Адміністрацыя патрабавала выдаліць петыцыю, абавязаць арганізатараў абвергнуць звесткі са звароту як неадпаведныя рэчаіснасці.
Стваральнікі сайта petitions.by настойвалі, што звесткі, апублікаваныя ў звароце ў кампетэнтны дзяржаўны орган, не лічацца распаўсюдам інфармацыі, якая ганьбіць гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.
Выслухаўшы абодва бакі, суд вырашыў, што патрабаванні адміністрацыі аэрапорта не маюць законных падставаў. Згодна з судовым рашэннем адміністрацыя Нацыянальнага аэрапорта абавязаная заплаціць стваральнікам сайту petitions.by 1400 рублёў судовых выдаткаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.