Нафта расце ў цане — і гэта не вельмі добра для беларускай эканомікі

Рынак чакае, што прапанаванне нафты будзе меншае за попыт / Reuters
Рынак чакае, што прапанаванне нафты будзе меншае за попыт / Reuters

8 сакавіка цана на нафту маркі Brent паднялася вышэй за $70 за барэль упершыню са студзеня 2020 года. Да 11 сакавіка яна злёгку адскочыла — да $68,7. Але ў параўнанні з пачаткам года рост усё роўна прыкметны: год пачынаўся з таго, што на Лонданскай біржы ICE Brent таргаваўся па $51,6.

Што падаражанне нафты азначае для беларускага бюджэту і нафтаперапрацоўкі? Разбіраемся ў пытанні.

 

Сыравіна для беларускіх НПЗ даражэе

Расійскі аналітык нафтагазавага рынку Міхаіл Круціхін кажа, што цэны на нафту выраслі праз чаканні, што попыт будзе вышэйшы, чым прапанаванне. Для такіх краін, як Беларусь, якія пераважна імпартуюць нафту для перапрацоўкі, а не здабываюць і экспартуюць, гэта не радасная навіна.

— Для Расіі гэта азначае папаўненне Фонду нацыянальнага дабрабыту. Нафтавым кампаніям ад такога павышэння дастаецца вельмі няшмат. Што да беларускай эканомікі, за энерганосьбіты давядзецца плаціць больш.

Нефть растёт в цене — и это не очень хорошо для белорусской экономики
Расійская казна будзе папаўняцца хутчэй / Reuters

Не ратуе становішча нават тое, што цана на нафтапрадукты таксама павінна павялічыцца.

— Каб зрабіць прадукты нафтаперапрацоўкі, трэба атрымаць сырую нафту. Калі цана нафты будзе расці, то даходы ўсё роўна будуць меншыя. Для Беларусі гэта, вядома, мінус, — кажа Міхаіл Круціхін.

Старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб таксама лічыць, што для Беларусі добрага ў падаражанні нафты мала. Зрэшты, сітуацыя з экспартам нафтапрадуктаў непразрыстая. Беларусь гандлюе не наўпрост, а праз трэйдараў.

— Якія там дамоўленасці, зафіксаваныя цэны або не, як яны мяняюцца — усё гэта непразрыста. Хутчэй за ўсё, пры росце цэн на нафту растуць цэны і на экспартаваныя нафтапрадукты.

Большая частка нафты, якую перапрацоўваюць беларускія НПЗ, імпартуецца з Расіі. Раней разам з цаной на "чорнае золата" расла экспартная пошліна, ад выплаты якой Беларусь была вызваленая. Гэта акалічнасць дазваляла пры росце цэн на нафту захоўваць рэнтабельнасць пры экспарце прадуктаў нафтаперапрацоўкі як мінімум на ранейшым узроўні. Але ў выніку падатковага манеўру ў Расіі экспартную пошліну замяняе падатак на здабычу карысных выкапняў.

Нефть растёт в цене — и это не очень хорошо для белорусской экономики
Мазырскі НПЗ / mnpz.by

— Яшчэ некалькі гадоў таму беларуская нафтаперапрацоўка працавала ў асноўным на экспарт. Калі раслі цэны на нафту, расла рэнтабельнасць нафтаперапрацоўкі з улікам менавіта экспарту. Цяпер нашы НПЗ зарабляюць у асноўным на ўнутраным рынку, і рост кошту сыравіны для іх нявыгадны, — працягвае Іосуб.

 

Расійскі рубель умацуецца, а долар — наадварот

— З ускосных эфектаў: пры росце цаны на нафту расійскі рубель умацоўваецца да замежных валют. Але не прапарцыйна росту нафты. Гэтаму перашкаджае расійскае бюджэтнае правіла. Калі нафта даражэйшая, Цэнтрабанк больш купляе валюты і не дае рублю моцна ўмацавацца. Па-другое, перашкаджаюць размовы пра новыя санкцыі, якія могуць закрануць расійскі дзярждоўг.

Тым не менш для Беларусі гэта значыць, што расійскі рубель крыху вырасце ў дачыненні да беларускага, а долар — знізіцца.

 

Ёсць і станоўчыя моманты

Эканамічны аглядальнік Таццяна Манёнак адзначае, што кавідны крызіс патроху слабее, таму расце попыт на нафтапрадукты на экспартных рынках. За ім расце і цана.

— Напрыклад, цана на маторнае паліва на ўкраінскім рынку павышаецца ледзь не на дзесяць капеек штотыдзень. З гэтага пункту гледжання беларускі бюджэт выйграе. Павышэнне попыту на паліва на сумежных рынках, у прыватнасці на ўкраінскім, дазваляе заключаць доўгатэрміновыя кантракты, якія ўлічваюць эфекты падатковага манеўру. Трэба меркаваць, што Беларусь на гэтым рынку вялікіх страт не панясе.

Нефть растёт в цене — и это не очень хорошо для белорусской экономики
Попыт на паліва на сумежных рынках расце / Reuters

Праз падатковы манеўр канкураваць з расійскімі нафтавымі кампаніямі ўсё складаней. Але беларускі бюджэт з ростам цэн усё роўна трохі выйграе праз дадатковыя сродкі ад экспартных пошлін.

Таццяна Манёнак адзначае, што беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы апошнім часам дыверсіфікавалі экспарт нафтапрадуктаў. Асабліва цікавыя для іх сумежныя рынкі — каб лагістычныя выдаткі былі меншыя.

— Летась нафтаперапрацоўчыя заводы, нават нягледзячы на праблемы першага квартала з пастаўкамі расійскай нафты, завяршылі год з прыбыткам. Цяпер таксама можна чакаць, што заводы будуць працаваць больш эфектыўна, улічваючы яшчэ і той фактар, што яны працягваюць мадэрнізацыю. Гэта дазваляе выпускаць новую прадукцыю, больш высокамаржынальную.

 

Змена партоў эканамічна неабгрунтаваная

Таццяна Манёнак акцэнтуе ўвагу на тым, што для беларускіх НПЗ у прыярытэце продажы на сумежных рынках, а не праз парты. Тым больш у сітуацыі, калі Беларусь выбірае і больш далёкія расійскія парты замест літоўскіх і латвійскіх.

— Зразумела, што гэта палітычны праект. Жаданне пакараць партнёраў за пазіцыю ў дачыненні да палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Калі б гэта было выгадна, то беларускія нафтапрадукты накіроўваліся б туды першапачаткова. Вялікае пытанне, хто ж заплаціць за транспартнае плячо. Бо яно значна даўжэйшае.

Зрэшты, Таццяна Манёнак дапускае, што расійскія партнёры маглі пайсці насустрач беларускім экспарцёрам і даць разавыя зніжкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі