“Нафтан” выйграў у “Белшыны” і вярнуўся на трэцяе месца
У матчы 18-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе навапалачане пераканаўча перамаглі гасцей з Бабруйска.
У першым тайме гульня была недастаткова актыўнай як у гаспадароў, так і ў гасцей і таму на перапынак каманды пайшлі з сухой нічыёй. У другім тайме “Нафтан” пачаў ратаваць становішча і адкрыў лік на 52-й хвіліне (Андрэй Якімаў). “Белшына” хутка выправіла сітуацыю і на 55-й хвіліне зраўняла лік (Мануэль Бледа). Тады “хімікі” пайшлі ў атаку і на 78-й хвіліне ўсё ж павялі лік (Вадзім Дземідовіч). Гэты гол дэмаралізаваў бабруйчанаў і яны ўжо не змаглі супрацьстаяць гаспадарам. У дадатковы час Ігар Крывабок забіў яшчэ адзін гол. Вынік гульні — 3:1.
Пасля 18 гульняў “Нафтан” вярнуўся на трэцяе месца ў турнірнай табліцы. Зрэшты, калі салігорскі “Шахцёр” выйграе ў “Тарпеда-БелАЗ”, “хімікі” зноў выпадуць з тройкі лідараў.
Нагадаем, што напярэдадні БАТЭ гуляў на выездзе са “Слуцкам”, вынік быў 1:3.
18-ты тур чэмпіянату Беларусі па футболе завяршыцца ў нядзелю, 20 ліпеня, наступнымі матчамі: “Дняпро” — “Гомель”, “Тарпеда-БелАЗ” — “Шахцёр”, “Дынама” (Мінск) — “Дынама” (Брэст), “Мінск” — “Нёман”.