“Наив”: Асноўнымі гульцамі на музычным полі будуць тыя, хто не лянуецца

За некалькі гадзін да канцэрта Чача, вакаліст гурта “Наив”, успамінае свой канцэрт у ДК Глуханямых з “Ляпісам Трубяцкім” і робіць музычныя прагнозы. Распавядзі, калі ласка, чаму “Наив” цікавіцца Беларуссю?

Мы добра вядомыя на поўначы і на ўсходзе, зараз мы вырашылі заваяваць музычнае поле захад і поўдзень (усміхаецца). Зараз нам хочацца ускалыхнуць тыя краіны, дзе мы менш вядомыя. Мне падаецца, што гэта правільныя рухі. У Беларусі мы ўжо граем чацвёрты ці пяты канцэрт — я нават і не ўзгадаю зараз...

І што? Ці шмат у вас тут з’явілася прыхільнікаў?

У нас ёсць фан-клуб у кожным расійскім горадзе, мяркую, што і ў Беларусі знойдзецца такі. Вось арганізатар сённяшняга канцэрту ў “Рэактары” — наш вялікі прыхільнік (усміхаецца). Зразумела ж, што... калі цябе не цікавіць гурт, то які сэнс яго прывозіць, так?

Так. Але на вас можна “бабла ссячы”, як кажуць. Дарэчы, у вас высокія ганарары?

Ды не. Мы не такія мега-зоркі, каб з-за нас меламаны трацілі розум. У нас не вельмі высокі кошт, і мы адэкватныя людзі.

Ці ёсць у вас зніжкі для Беларусі? Напрыклад, праекты суполкі “ВДОХ” для Беларусі маюць спецыфічны прайс-ліст. А “Наив”?

Неееее.... мы не робім зніжкі для Беларусі, мы проста з задавальненнем тут граем.

А каго вы ведаеце з беларускіх музыкаў? Увогуле, ці маеце Вы ўяўленне пра тое, што адбываецца зараз у беларускай музыцы?

Ну... я не ведаю, наколькі беларускім зараз можна назваць гурт ##### (пяць дыезаў). Мы сябруем, але я іх вельмі часта бачу менавіта ў Маскве. Я разумею, з чым гэта звязана.

З чым?

Ды проста ў іх тут няма магчымасці актыўна выступаць. А ў Расіі з гэтым прасцей. Калі ты больш-менш папулярны рокавы гурт, то праблем з канцэртамі няма. Яшчэ сябрую з “Ляпісам Трубяцкім”, які, здаецца, таксама тут рэдкі госць (смяецца). Іх альбом “Капітал” мяне вельмі моцна ўразіў. Я напісаў Міхалку ліст з падзякамі за такую добрую і прафесійную працу, мы ўзгадалі, што раней ўжо былі знаёмыя, прыгадалі наш сумесны канцэрт у 1991-м, здаецца, у ДК глуханямых. Дзіўная назва, дарэчы (усміхаецца). На гэтым мае веды пра беларускую музыку, на жаль, заканчваюцца.

Нічога. За так званае “прыватнае музычнае стагоддзе” паспееце яшчэ пазнаёміцца. Колькі год вы ўжо ў музыцы?

Гурт “Наив” у гэтым годзе святкуе 20-годдзе. Менавіта з гэтай нагоды мы сёння і тут.

Не стаміліся яшчэ?

Пакуль не. Пакуль гэта цікава, і нішто іншае не адцягвае на сябе маю ўвагу. Музыка — гэта ўсё, чым я займаюся ўжо шмат год. Гэта мая адзіная праца.

І гэта дазваляе вам камфортна існаваць?
Ну так.

Хм.. У Беларусі гэта зусім нерэальная сітуацыя. Няўжо ў Расіі панк-рок такі запатрабаваны?

Вы можаце зайсці на наш сайт (www.naive.ru) і зазірнуць у афішу. У нас заўсёды адэкватны расклад, забіты канцэртны графік, мы дастаткова папулярны гурт, і менавіта з гэтай прычыны мне цікава паездзіць па іншых краінах і паказаць людзям тое, чаго мы вартыя, што мы можам. Я чалавек дастаткова зацікаўлены ў розных музычных праектах.

Як чалавек, зацікаўлены ў розных музычных праектах, падкажыце, калі ласка, што прыйдзе на змену такой актыўнай зараз хвалі ЭМО?

Ой, будучыня музычнай індустрыі зараз вельмі туманная. Мне падаецца, што будучыня за Інтэрнэт-праектамі. Выйграюць тыя, хто заклапочаны жывымі канцэртамі, а не продажам кампактаў. Бо жывы канцэрт, прынамсі пакуль, немагчыма “адчуць” у віртуальнай прасторы. Зараз асноўнымі гульцамі на музычным полі будуць тыя музыкі, якія не лянуюцца граць жывыя канцэрты. Кампакт-дыскі адышлі на другі план.Той, хто зможа граць пераканаўчыя канцэрты, добрыя канцэрты, той апынецца ў пераможцах.

Што гэта — пераканаўчыя канцэрты?

Гэта проста. Калі чалавек прыйшоў на канцэрт, паслухаў яго і на наступны раз прыводзіць з сабой сябра: маўляў, “Гэй! Гэта абавязкова трэба пабачыць і пачуць на ўласныя вушы” — гэта і ёсць пераканаўчы канцэрт, я лічу. Калі ёсць сіметрычнае ўзаемадзеянне музыкаў — гэта і ёсць пераканаўчы канцэрт. Бо драйв узнікае ў выніку супадзення вектараў руху музыкаў на сцэне. Руху, хутчэй, эмацыйнага.

А калі такое супадзенне раптам не атрымалася? Што рабіць?

Натуральна, бываюць правальныя канцэрты. Гэта не заўсёды залежыць ад музыкаў, але з гэтым можна справіцца. Галоўнае, не панікаваць і спакойна ставіцца да ўсяго. Не трэба аналізаваць непрыемныя сітуацыі занадта глыбока (усміхаецца).

Жадаю вам паспяховага канцэрту! І каб тонкія сувязі паміж музыкамі на сцэне былі непарушнымі !

А я запрашаю усіх на канцэрт, які адбудзецца ў клубе “Рэактар” літаральна праз некалькі гадзін!

Тут Чача, вакаліст гурта “Наив”, пакінуў табе паведамленне. Сцягвай і далучайся.

Get this widget | Track details | eSnips Social DNA

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі