Настаўніца з Ельска: “Не сказала б, што ў нас вялікая “жыроўка”

Міністр эканомікі Мікалай Снапкоў кажа Еўрарадыё, што “жыроўка” будзе расці ў коштах і далей ды будзе залежаць ад росту заробкаў беларусаў:

"Павышэнне будзе плаўным, але мэтанакіраваным з пункту гледжання таго, што плацяжы па "камуналцы" складаюць 8% ад сярэдняга спажывецкага кошыка, а трэба, каб набліжаліся да больш справядлівых: мы лічым, што парог — 15%".

Настаўніца Ірына з Ельска разам з мужам электрагазазваршчыкам і дзіцём мае на траіх 9 мільёнаў рублёў. Паводле слоў Ірыны, за "камуналку" плацяць “не многа” — 300 тысяч рублёў. Гэта ўлетку.

“І на ваду няшмат сыходзіць, мо кубоў пяць, за ўсё плацім прыкладна 300 тысяч. За ліфт, вываз смецця — не па асобных тарыфах, па агульных”.

Падлічваю, што ад 9 мільёнаў даходу 300 тысяч за "камуналку" — гэта ўсяго 3,3%, і нават не 8%, як кажа міністр эканомікі.

Але каб зарабіць на траіх гэтыя 9 мільёнаў, Ірына працуе на трох працах і муж у вольны час халтурыць:

“Бегаю па трох школах і ў кожнай па мільёне зарабляю”.

На ежу, бытавыя паслугі і транспарт, харчаванне дзіця ў садку ў месяц ідзе каля 3 мільёнаў рублёў — увесь заробак Ірыны. Добра, што дапамагаюць бацькі — “морквай і бульбай сям’ю затарылі”. Усё астатняе сям’я купляе сама.

А вось на адзенне ўжо не хапае. У крамы без распродажу Ірына заходзіць зрэдку.

“Я нядаўна басаножкі набыла. У такім магазіне, у які я без распродажу не заходжу нават! А тут бачу — распродаж, набыла басаножкі за 240 тысяч. А так яны 600 тысяч рублёў каштуюць”, — кажа настаўніца.

У чатыры разы больш за "жыроўку" з сямейнага бюджэту забіраюць плацяжы па крэдыце за кватэру — адразу 1,2 мільёна рублёў.

У план міністра эканомікі з 8% на "камуналку" сям’я Ірыны ўпісваецца з лішкам. Але да павышэння камунальных плацяжоў “у межах 15%” настаўніца не гатовая:

“Мы што, замест 300 будзем 600 плаціць? Ну гэта мнагавата, хаця б каб 400 максімум”.

Між тым сам міністр эканомікі Мікалай Снапкоў заўважае, што ва ўсе сацыяльныя нормы па вадзе і святле ўпісваецца, і іншым сваім прыкладам раіць эканоміць.

Фота: onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі