Навагоднія лічбы: як у Беларусі сустрэлі 2017 год
На календары 3 студзеня, а значыць, прыйшоў час збіраць камяні, то бок падводзіць вынікі навагодняй ночы. Еўрарадыё сабрала для вас некалькі цікавых лічбаў пра тое, як беларусы сустрэлі 2017-ы:
356 Тб трафіку
прайшло 31 снежня і 1 студзеня праз сеткі двух буйных беларускіх аператараў: velcom (160 Тб) ды МТС (196 Тб). Абаненты МТС за два дні адправілі 42 млн SMS. Кліенты velcom у навагоднюю ноч рабілі 2400 званкоў за секунду.
На 0,0081 рубля
вырас курс долара на першых таргах 2017 года.
132 нецвярозых кіроўцы
затрымалі за 1 і 2 студзеня супрацоўнікі беларускай ДАІ.
х8,3
— такі павышальны каэфіцыент убачылі ў навагоднюю ноч мінскія карыстальнікі Uber. Не зважаючы на гэта, некаторыя мінчукі скарысталіся сервісам па чатыры разы за ноч.
2800 выклікаў
прыняла за 1 студзеня мінская "хуткая дапамога". На наступны дзень было 2600 званкоў. Асноўная прычына выкліку — высокая тэмпература (а не тое, што вы падумалі).
30 дзетак
нарадзілася ў Мінску ў навагоднюю ноч. У тым ліку — адна тройня.
"32.12.2016"
убачыла мінчанка Кацярына Стрыгалева на штампе, які літоўскія памежнікі паставілі ў яе пашпарт. Памылка хутка была выпраўленая, але мем застаўся: на мяжы з Літвой 2016 год працягваецца!