Названыя асноўныя прыярытэты працы дэмсіл Беларусі на найбліжэйшы час
Дэмсілы плануюць свае дзеянні
Названыя асноўныя прыярытэты працы дэмакратычных сіл Беларусі на найбліжэйшы час. 2 кастрычніка іх агучыла кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская. Прыярытэтаў сем.
1) Візуалізацыя новай Беларусі. Ціханоўская нагадала, што ўжо прадстаўлены праект Канцэпцыі кампенсацыі шкоды рэпрэсаваным, а ў найбліжэйшыя тыдні на абмеркаванне будзе вынесены праект Канцэпцыі пераходнага перыяду.
2) Падтрымка рэпрэсаваных. Ідзе праца над тым, каб стварыць міжнародны фонд дапамогі рэпрэсаваным.
3) Прыцягненне вінаватых да адказнасці. "Мы як ніколі блізкія да таго, што будзе выдадзены ордар на арышт Лукашэнкі за выкраданне ўкраінскіх дзяцей", — кажа Святлана Ціханоўская.
4) Дапамога беларусам у выгнанні. "Мы рыхтуем да выдачы новы беларускі пашпарт. І дабіваемся, каб пратэрмінаваныя пашпарты прызнавалі за сапраўдныя, выдавалі больш працяглыя віды на жыхарства і не ўводзілі візавыя баны", — заявіла кіраўніца АПКБ.
5) Умацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. "Трэба папулярызаваць беларускую мову, адкрываць школы за мяжой, ствараць больш беларускага анлайн-кантэнту для тых, хто ў Беларусі", — кажа Ціханоўская.
6) Інфармацыйна-асветніцкая праца. Падкрэсліваецца неабходнасць супрацьдзейнічаць прапагандзе рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
7) Абарона незалежнасці Беларусі. "Мы працуем над тым, каб арганізаваць слуханні па сітуацыі ў нашай краіне ў Савеце Бяспекі ААН", — заявіла Святлана Ціханоўская.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.