Некалькі дзясяткаў чалавек былі затрыманыя на акцыях пратэсту ў нядзелю
У нядзелю ў Мінску і іншых гарадах прайшлі кропкавыя затрыманні ўдзельнікаў пратэстных акцый / svaboda.org
У спісе валанцёраў, якія адсочваюць лёсы затрыманых удзельнікаў акцый, 23 чалавекі. Каля паловы з іх напярэдадні вечарам планавалі адправіць у мінскі ізалятар на Акрэсціна. Гэтую інфармацыю валанцёры атрымалі ад дзяжурнага ў РУУС, паведамляе тэлеграм-канал "Спісы затрыманых".
У Мінску адно з прыкметных затрыманняў адбылося ў мікрараёне Сокал. Мясцовыя жыхары выйшлі на традыцыйную шпацыр з бел-чырвона-белымі сцягамі. Некалькі удзельнікаў гэтага шэсця затрымалі. Іх даставілі ў РУУС Кастрычніцкага раёна.
Затрыманні былі і ля станцыі метро "Пушкінская" ў Мінску недалёка ад мемарыяла Тарайкоўскага.
"Чорны мінівэн пад'ехаў, выскачылі "чорныя". Адразу затрымалі 2 ці 3 чалавекі, якія проста стаялі паблізу. Потым з кавярні вывелі яшчэ пару чалавек", — паведамляе тэлеканал"Белсат". Затрыманых павезлі на бусіку.
Кропкавыя затрыманні былі і ў іншых раёнах Мінска, а таксама ў Брэсце, Смалявічах і Светлагорску, перадаюць праваабаронцы.
У нядзелю 27 снежня ў Мінску і іншых гарадах Беларусі прайшлі традыцыйныя акцыі пратэсту. Мерапрыемствы не анансаваліся, але ў некаторых мікрараёнах людзі тым не менш выйшлі на лакальныя вулічныя акцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.