Некалькі музыкаў "Бі-2" падалі дакументы на атрыманне грамадзянства Малдовы
Музыкі з "Бі-2"
Некалькі ўдзельнікаў гурта "Бі-2" і членаў іх сем'яў 23 красавіка падалі дакументы на атрыманне грамадзянства Малдовы. Пра гэта паведаміў кіраўнік кабінета прэзідэнта Маі Санду Адрыян Бэлуцэл, паведамляе newsmaker.md.
Імёны гэтых музыкаў не называюцца. Вядома, што салістаў гурта Лёвы і Шуры сярод іх няма (у іх ізраільскае грамадзянства). Заявы аб атрыманні грамадзянства накіруюць прэзідэнту краіны. Як адзначыў кіраўнік яе кабінета, "дакументы будуць разглядаць у парадку працэдуры "прадастаўлення грамадзянства ў інтарэсах Малдовы".
Як адзначыў Бэлуцэл, рэпрэсіі ў дачыненні да "Бі-2" пачаліся пасля таго, як яго ўдзельнікі выказалі сваю пазіцыю супраць вайны, якую Расія развязала ва Украіне. Паводле яго слоў, у Малдове творчасць гурта цэняць ужо некалькі пакаленняў. "Наша краіна была, ёсць і застанецца сяброўскай да ўсіх людзей, якія хочуць жыць у міры і ўзаемаразуменні, — піша ён у сацсетцы. — Мы — гасцінны народ, які адчыніў дзверы і расчыніў абдымкі для ўсіх людзей, якія шукаюць выратавання ад вайны. І мы будзем дапамагаць усім, хто выступае за мір — і каго за гэта пераследуюць".
Па некаторых звестках, аб грамадзянстве Малдовы хадайнічалі музыкі, прадстаўнікі тэхнічнага персаналу і менеджменту гурта, а таксама члены іх сем'яў. Агулам іх 7 чалавек.
Лідар гурта Ягор Бортнік (Лёва Бі-2) — ураджэнец Беларусі. "Бі-2" былі заснаваны ў нашай краіне, да таго, як музыка з'ехаў за мяжу. У 2020-м ён падтрымаў пратэсты ў Беларусі, а ў 2022 годзе асудзіў агрэсію РФ супраць Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.