Neuro Dubel адсвяткуюць 25-годдзе з былымі ўдзельнікамі калектыву

Neuro Dubel вырашылі адсвяткаваць сваё 25-годдзе з размахам. 4 кастрычніка музыкі адыграюць вялікі сольны трохгадзінны канцэрт у сталічным клубе Re:Public, куды запросяць усіх былых удзельнікаў калектыву.

“На першае аддзяленне мы запрасілі музыкаў, якія па той ці іншай прычыне ад нас сышлі, — распавядае пра будучую імпрэзу лідар гурта Аляксандр Кулінковіч. — Напрыклад, Стас Паплаўскі, Карэец, як цяпер у нейкім панк-гурце ў Навасібірску грае, Максім Паравы, які цяпер жыве ў Маскве, Макс Івашын — чалавек свету, бо паўсюль тусуецца, Сашка Памідораў, які ў свой час з намі працаваў і дапамагаў, Алег Хаменка, які таксама для нас вельмі светлы і цёплы чалавек, — з усімі гэтымі людзьмі мы хочам парэпетаваць і зладзіць такі шабаш, з песнямі, якія, магчыма, ужо па 20 гадоў не выконваліся. А ў другім аддзяленні будзе ўжо канкрэтны лом ад Neuro Dubel сённяшняга складу”.

Канцэрт будзе называцца “Студыя “ОСМОС” прадстаўляе 25-годдзе Neuro Dubel”, у гонар студыі гуказапісу, якая стала падтрымлівала і дапамагала музыкам.

У якасці заманухі Neuro Dubel збіраюцца выкласці ў інтэрнэт некалькі песень, якія раней нідзе не выдаваліся і якія амаль ніхто ніколі не чуў. Але адбудзецца гэта не раней, чым за месяц да мерапрыемства.

Квіткі на святкаванне 25-годдзя гурта з’явяцца ў продажы ўжо на наступным тыдні. Каштаваць яны будуць 180 тыс. — танцпол, 250 тыс. — столік.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі