Neuro Dubel адзначыў 25-годдзе гурта ў Брэсце (фота)
Легендарныя музыкі не выступалі ў горадзе над Бугам... 12 год.
Сольны канцэрт "дзюбялёў" адбыўся ў начным клубе "CITY". Пабачыць Аляксандра Кулінковіча і Ко прыйшло каля 300 чалавек, што можна лічыць аншлагам, улічваючы зусім не вялікія памеры клуба.
Брэст, дарэчы, стаў адзіным горадам, куды Neuro Dubel выехаў з юбілейным канцэртам. Праўда, як прызнаўся перад выступам сам Кулінковіч, брэсцкая праграма вельмі розніцца ад той, якая чакае мінчукоў.
Кулінковіч: "Адзін дома", "Бітва на матацыклах" — усё гэта будзе на юбілейным трохгадзінным канцэрце ў Мінску. Сёння мы іх выконваць не будзем, бо гэта ўсё ж такі больш пробныя рэчы — настальжы. А прагучаць больш хітовыя рэчы, хоць агранізатар нас абмежаваў у выбары песень. Маўляў, што ў зале хутчэй за ўсё будуць знаходзіцца дзеці, таму песні з ненарматыўнай лексікай мы выключылі з праграмы".
І сваё слова галоўны "дзюбель" амаль стрымаў. За паўтары гадзіны са сцэны не прагучала ніводнага мацюка. Адзіным выключэннем стаў выхад на біс з хітом "Резиновый дом". Выканаць песню гурт літаральна прымусілі фанаты, якія самі пачалі хорам спяваць яе.
У Мінску юбілейны канцэрт Neuro Dubel адбудзецца 4 кастрычніка. У клубе Re:Public музыкі адыграюць вялікі трохгадзінны канцэрт, на які запросяць усіх былых удзельнікаў калектыву.