Neuro Dubel рыхтуе новы альбом "На Марс!"
Аляксандра Кулінковіча "торкнула" 2 тыдні таму. І музыкі адразу пачалі працу над дыскам.
Новы альбом Neuro Dubel будзе называцца "На Марс! ", а працаваць над ім музыкі пачалі 2 тыдні таму, як толькі лідар гурта Аляксандр Кулінковіч "злавіў" музу.
"Два гады нічога не было. Нават не было жадання яго пісаць. Мы спрабавалі ўзнаўляць старыя песні, меркавалі скласці з іх кружэлку. Але праца гэтая ішла марудна, таму што некаторыя старыя рэчы ў новым варыянце загучалі горш. Не ведаю, чаму. Магчыма таму, што мы самі старымі сталі... А тут два тыдні таму "торкнула". Я прачнуўся і пачаў па-вар'яцку пісаць песні", — прызнаецца лідар гурта Аляксандр Кулінковіч.
Па словах Аляксандра, новыя песні Neuro Dubel атрымліваюцца "бязбашаннымі і мацернымі". Загалоўная песня, згодна з канцэпцыяй музыкі, будзе па-беларуску, хоць пакуль яшчэ і не напісаная, але думкі ёсць:
"Я заўсёды працую ад назвы. Я калі пішу песню, мне пофіг, які там тэкст, шчыра кажу. Для мяне істотны прыпеў. І назва. Калі я прыдумляю назву, адразу ўсё становіцца зразумелым. Хоць пазней назва можа і змяніцца. Як гэта было з "Охотником и сайгаком", які мусіў называцца "Ворсинки и катышки", ці “П.И.О.Т.К.У.К.У.К.” задумваўся як "Пуп Земли".
Напрыклад, адна з песень, "Сельпо", распавядае Кулінковіч, разам з аранжыроўкай была створаная за 1 гадзіну 20 хвілін. Прычым, музыка перакананы, што гэта будзе адзін з лепшых трэкаў на альбоме, і што падчас яго гучання на танцполе адназначна будуць ламацца ногі ды рукі.
Альбом "На Марс!" будзе складацца як з падзабытых рэканструяваных песень "Дзюбеля", так і цалкам новых, некаторыя з якіх яшчэ толькі абдумваюцца Аляксандрам.
У бліжэйшы час абсалютна новыя песні Neuro Dubel з будучага альбома можна будзе пачуць толькі двойчы. Першы і апошні раз перад прэзентацыяй яны прагучаць на "апошнім" канцэрце года 30 студзеня ў "Графіці", і на першым канцэрце гурта ў новым годзе 4 студзеня, таксама ў "Графіці".