Па факце масавага атручвання дзяцей распачалі крымінальную справу (відэа)
Здарэнне адбылося ў чацвер у басейне мінскага ліцэя № 1. Былі шпіталізаваныя 16 школьнікаў і інструктар па плаванні.
Увечары 24 красавіка ў лякарні заставалася чацвёра дзяцей, іншых пацярпелых перавялі на амбулаторнае лячэнне. Пагрозы для іх жыццю няма, інфармуе БЕЛТА.
Як паведамляе прэс-служба МНС, падчас разбіральніцтва высветлілася, што заняткі дзяцей у басейне пачаліся пасля замены вады, падчас якой выкарыстоўваўся водны раствор гіпахларыта натрыю. Неўзабаве навучэнцам 105-й сярэдняй школы стала кепска (кашаль, рэзь у вачах). Інструктар і персанал спорткомплекса вывелі дзяцей на паветра і абмежавалі доступ у будынак. Неўзабаве прыехалі медыкі.
У ліцэі на працягу дня працавалі следчыя і эксперты. На месца выязджалі намеснік кіраўніка Следчага камітэта Аляксей Волкаў і начальнік упраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Мінску палкоўнік юстыцыі Мікалай Талецкі. Між іншым, будзе праведзеная экспертыза электроннага прыстасавання, якое вызначае дазіроўку сумесі для дэзынфекцыі вады ў басейне.
Па факце парушэння санітарна-эпідэмілагічных правілаў распачатая крымінальная справа.