Па рэканструкцыі Купалаўскага тэатра пачалі крымінальную справу
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па крадзяжы сродкаў, накіраваных на рэканструкцыю тэатра.
Як паведамляе "Ежедневник", крымінальная справа пачатая на службовую асобу унітарнага прадпрыемства "Белмашсервіс". Яго вінавацяць у махлярстве ў асабліва буйным памеры. За гэта пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Па звестках следства, падазраваны ў траўні 2013 года падманным шляхам завалодаў 400 млн рублёў бюджэтных сродкаў, вылучаных на рэстаўрацыйныя работы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
Падрабязнасці крадзяжу пакуль не паведамляюцца. Цяпер розныя праваахоўныя і кантралюючыя органы праводзяць праверкі рэканструкцыі Купалаўскага тэатра.
Нагадаем, што 2 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка зрабіў вымову віцэ-прэм'еру Анатолю Калініну і былому міністру культуры, а цяпер амбасадару Беларусі ў Францыі Паўлу Латушку.