Пачаўся суд над гукарэжысёрамі, якія ўчора ўключылі "Перамен!" у Кіеўскім скверы
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска пачаўся разгляд адміністрацыйных справаў Кірыла Галанава і Уладзіслава Сакалоўскага — дыджэяў, якія 6 жніўня ўключылі ў Кіеўскім скверу песню "Перамен!". Кожнаму інкрымінуюць два артыкулы: 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне міліцыянтам).
Пасяджэнні пачаліся каля 11-й гадзіны. Хлопцы заявілі хадайніцтвы аб азнаямленні са справамі, якія суддзі задаволілі. Для гэтага ў працэсах адразу ж быў абвешчаны перапынак.
Намесніца старшыні суда Юлія Літвінка распавяла Еўрарадыё, што сёння ў судзе дзейнічае інструкцыя, паводле якой нават у перапынках фота- і відэаздымкі забароненыя.
У судзе прысутнічаюць каардынатарка штаба Святланы Ціханоўскай Марыя Калеснікава і адвакат Ілля Салей.
6 жніўня афіцыйныя ўлады ладзілі ў Кіеўскім скверы ў Мінску свята "Калейдаскоп творчасці" — Дзень адкрытых дзвярэй установаў дадатковай адукацыі. Але калі ў скверы сабралося некалькі тысяч прыхільнікаў кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, гэтае мерапрыемства згарнулася. У пэўны момант з калонак зайграла песня "Перамен!" Віктара Цоя. Гэта вельмі натхніла прысутных.
Пасля мерапрыемства дыджэяў Кірыла Галанава і Уладзіслава Сакалоўскага, якія ўключылі "Перамен!", даставілі ў міліцыю. У будынку РУУС іх бачылі моцна збітымі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.