Пад Адэсай забілі 9-гадовую дзяўчынку. Жыхары ўчынілі цыганскі пагром
Жыхары вёскі Лашчынаўка ў Адэскай вобласці Украіны запатрабавалі адсяліць усіх цыганоў. У гэтым іх падтрымала кіраўніцтва Ізмаільскай раённай адміністрацыі, перадае УНІАН.
Супрацоўнікі раённай адміністрацыі кажуць, што яны ўжо дамовіліся з цыганамі гэтай вёскі. Зранку ў панядзелак ім дадуць магчымасць забраць свае рэчы і мірна з'ехаць. Кіраўніцтва раёна мяркуе, што высяленцы асядуць недзе ў межах раёна, таму плануе аказаць ім дапамогу. Парадак пры перасяленні будуць забяспечваць значныя сілы паліцыі.
Прычынай для канфлікту стала гвалтоўная смерць 9-гадовай дзяўчынкі. Яе цела знайшлі ў вёсцы Лашчынаўка Ізмаільскага раёна Адэскай вобласці. Па падазрэнні ў забойстве праваахоўнікі затрымалі аднаго з цыганоў. Ён адмаўляе сваю віну.
Увечары 27 жніўня жыхары вёскі ўчынілі пагром у цыганскіх дамах. Адзін дом быў падпалены, у іншых — пашкодзілі мэблю, выбілі шыбы. Пацярпелых пры беспарадках не было.