Пад Гомелем прарвала нафтаправод “Дружба”, скарачаліся пастаўкі ў Еўропу
Аварыя прывяла да скарачэння паставак нафты з Расіі.
Прарыў нафтаправода “Дружба” пад Гомелем адбыўся ў ноч на 27 красавіка. Прыкладна ў 1.15 на тэрыторыі нафтапампавальнай станцыі “Гомель” адбылася ўцечка нафты з тэхналагічнага нафтаправода "Унеча-Мазыр” дыяметрам 539 мм з працоўным ціскам 45 атмасфер і глыбінёй залягання 1,7 метра.
Плошча разліву нафты склала 0,06 га, аб’ёмы ўцечкі ўдакладняюцца. Для ліквідацыі прарыву і выдалення забруджанага грунта на месцы здарэння працуюць 11 адзінак тэхнікі і 26 супрацоўнікаў “Гомельтранснафты Дружба”. Як паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу МНС, трапспартоўка нафты ў магістральным нафтаправодзе ажыццяўляецца без змяншэння аб’ёмаў планавай пастаўкі, а ахвяраў здарэння няма.
Тым часам РИА Новости інфармуе, што разрыў трубы нафтаправода “Дружба” прывёў да часовага спынення паставак нафты ў Еўропу: пастаўкі на дадзены момант адноўленыя, але іх аб’ём знізіўся ўдвая да аднаўлення пашкоджанага трубаправода. Пра гэта паведаміў дарадца прэзідэнта кампаніі “Транснафта” Ігар Дзёмін.
Аднавіць пастаўкі ў поўным аб’ёме плануюць сёння ўвечары. Інфармацыі аб колькасці разлітай нафты і экалагічнай шкодзе пакуль няма.
Фота: RIA.ru