Пад Кіевам у перастрэлцы загінулі 5 паліцыянтаў
Пяць чалавек загінулі ў перастрэлцы, якая адбылася паміж прадстаўнікамі дзвюх розных праваахоўных структур Украіны ў пасёлку Княжычы пад Кіевам. Дарадца кіраўніка МУС Украіны Антон Герашчанка напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што прычынай перастрэлкі стаў цэлы ланцуг трагічных выпадковасцяў.
Паводле яго слоў, супрацоўнікі крымінальнага вышуку даведаліся, што ў Княжычах рыхтуецца рабаванне дома, і вырашылі зладзіць засаду. У недабудаваным доме па суседстве арганізавалі назіральны пункт, паставіўшы туды некалькіх паліцэйскіх.
Аднак у гэты час у іншым доме спрацавала сігналізацыя, і да яго выехалі супрацоўнікі ўкраінскай дзяржаўнай службы аховы. Прыбыўшы на месца здарэння, яны затрымалі двух паліцэйскіх, якія стаялі на варце.
Паліцэйская група захопу чакала сігналу і няправільна вытлумачыла сітуацыю: праваахоўнікі вырашылі, што іх калегаў ўзялі ў палон злачынцы. Спецназ выехаў да дома на мікрааўтобусе і ўступіў у перастрэлку з аховай. У выніку загінулі абодва паліцэйскіх-вартавых, два супрацоўнікі службы дзяржаховы і адзін спецназавец. Расследаваннем здарэння зараз займаюцца пракуратура і нацыянальная паліцыя.
Сапраўдныя злачынцы, пад'язджаючы да нашага дома, пачулі страляніну і паспрабавалі схавацца, але пасля іх усё-такі ўдалося затрымаць, паведамляюць украінскія СМІ.