Пад Мінскам з рэек сышлі цыстэрны з бензінам — "Супольнасць чыгуначнікаў"
Аварыя на ўчастку Міханавічы-Гатава
За трое сутак на чыгунцы каля Мінска здарыліся два інцыдэнты з небяспечнымі грузамі, паведамляе "Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі".
20 лютага на станцыі Фаніпаль адбылася працечка небяспечнага рэчыва этылмеркаптан з цыстэрнаў. Работнікі станцыі, пасажыры і жыхары бліжэйшых дамоў адчувалі рэзкі хімічны пах газу. Для ліквідацыі ўцечкі вагон адчапілі, на месца здарэння прыбылі ратавальнікі і дзяжурылі машыны хуткай дапамогі. Ліквідацыя ўцечкі заняла чатыры гадзіны.
Этылмеркаптан з'яўляецца асабліва таксічным рэчывам, лічыцца ў спісе моцнадзейных атрутных рэчываў, адносіцца да другога класу небяспекі — гэта рэчывы высоканебяспечныя. У вялікіх канцэнтрацыях гэтае рэчыва можа выклікаць галаўны боль, млоснасць і страту каардынацыі. Таксама яно паражае ныркі і печань.
Другі інцыдэнт адбыўся 22 лютага. На ўчастку Міханавічы-Гатава з рэек сышлі дзве цыстэрны з бензінам. Агулам у цягніку было дзевяць цалкам гружаных 60-тонных цыстэрнаў з небяспечным грузам. Цыстэрны сышлі з рэек непасрэдна пад аўтамабільным мостам трамы М1/Е30. На шчасце, бензін не разліўся, пажару ўдалося пазбегнуць.
Паводле папярэдніх звестак, прычынай сходу з'явіліся няправільныя дзеянні кіраўніка работ — састаўляльніка цягнікоў.
Раней паведамлялася, што ў Маладзечне за суткі сышлі з рэек два цеплавозы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.