Пад жыхаркай Рэчыцы праваліўся асфальт на аўтобусным прыпынку
43-гадовая жыхарка Рэчыцы хацела паехаць на аўтобусе на працу, а апынулася па пояс у яме.
Здарэнне адбылося каля 7-й гадзіны раніцы 30 кастрычніка на вуліцы Моладзевай, піша газета "Дняпровец". Жанчына стаяла на прыпынку — і раптам апынулася па пояс у яме, якая нечакана ўтварылася ў яе пад нагамі.
Навакольныя дапамаглі жанчыне выбрацца з ямы. Яна даехала да працы, адкуль яе забрала ў лякарню хуткая дапамога. Пасля абследавання жанчыну адпусцілі.
Паведамляецца, што прамоіна ў асфальце ўтварылася з-за прарыву трубаправода халоднага водазабеспячэння. Камунальнікі у той жа дзень ліквідавалі аварыю на трубаправодзе.