Падчас работ каля сінагогі 18 стагоддзя выявілі манеты часоў ВКЛ

Гаворка, мяркуецца, ідзе пра так званыя “барацінкі” / Маёнтак Падароск
У вёсцы Ізабелін, у Ваўкавыскім раёне, падчас работ каля сінагогі 18 стагоддзя выявілі манеты “барацінкі” часоў Вялікага Княства Літоўскага, піша канал “Беларускі інстытут публічнай гісторыі” са спасылкай на каманду рэстаўратараў.
Барацінка — пашыраная сярод нумізматаў назва медных шэлегаў Польскага Каралеўства і ВКЛ 1659–1666 гадоў, якія чаканіліся па ініцыятыве трымальніка манетных двароў Ціта Лівія Бараціні.
На беларускіх землях іх выпускалі, у тым ліку, на Брэсцкім манетным двары.
Што гэта за сінагога ў Ізабеліне і чым яна вядомая?
Каменная сінагога была ўзведзеная прыкладна ў 1777 годзе. Яна належала Ізабелінскаму кагалу, які падпарадкоўваўся Мсцібаўскаму.
У канцы 2024 года каманда рэстаўратараў “Маёнтак Падароск” правяла супрацьаварыйныя работы ў будынку сінагогі, умацаваўшы расколіны ў сценах клямарамі.
Былі закладзены праёмы, пачаліся работы па вырабе даху, які будзе ярусным, як і дах сінагогі ў пачатку XX стагоддзя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.