Падтрымаць выдавецтва "Логвінаў" прыйшло каля 20 чалавек (фота)
Пераважна гэта літаратары і журналісты, у тым ліку Уладзімір Арлоў і Альгерд Бахарэвіч. Ёсць таксама юрыст Андрэй Бастунец з БАЖ.
Пра гэта з Вышэйшага гаспадарчага суда паведамляе карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Пілецкі. У суд не пусцілі складальніцу альбома “Прэс-фота Беларусі 2011” Юлію Дарашкевіч: у яе не было з сабой пашпарта (ён аддадзены ў амбасаду), а толькі правы кіроўцы.
Выдавец спрабуе абскардзіць пазбаўленне яго выдавецкай ліцэнзіі.
Адносіны паміж выдаўцом Ігарам Логвінавым і Міністэрствам інфармацыі сапсаваліся ў канцы верасня, калі Логвінава пазбавілі ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць. У паведамленні, падпісаным намесніцай міністра Ліліяй Ананіч, паведамлялася, што ліцэнзія адкліканая за парушэнні, звязаныя з выхадам альбома “Прэс-фота Беларусі 2011”. У красавіку суд Ашмянскага раёна прызнаў выданне экстрэмісцкім.
Выдавец з пазіцыяй Мінінфармацыі не згодны. Ігар Логвінаў указвае на парушэнні, дапушчаныя чыноўнікамі, а таксама на абсурднасць абвінавачванняў.