"Пагутарыць з мамай і жыць далей". У Мінску выступілі куміры падлеткаў ЛСП
Пеця Клюеў, Алег ЛСП ды Den Hawk (злева направа). Фота Еўрарадыё
7 красавіка ў мінскім Falcon Club выступіў беларускі рэп-гурт ЛСП — куміры падлеткаў па ўсім былым Савецкім саюзе. Улетку 2017 года памёр удзельнік гурта Раман Сашчэка, больш вядомы як Рома Англічанін. Цяперашні канцэрт — першы сольнік ЛСП у Беларусі без Ромы, з новым складам і жывой музыкай.
Моладзь пачала збірацца каля грамадзіны "Фалкона" за некалькі гадзінаў да канцэрта. Трэба аддаць належнае арганізатарам: да пачатку ўсе жадаючыя трапілі ў залу.
У 8 вечара танцпол выбухае: на сцэну выходзіць Алег ЛСП і новыя ўдзельнікі групы — Пеця Клюеў і Den Hawk.
Для вясновага тура ЛСП сабралі канцэртны склад, таму выступаюць пад жывую музыку. Гітарыста (Антон Дакучаеў) і басіста (Антон Кульпінаў) знайшлі ў Санкт-Пецярбургу — хлопцы граюць у праекце Ромы Англічаніна "Грязь". Дакучаеў таксама супрацоўнічае з ПТВП. Адтуль запрасілі і бубнача Дзяніса Антонава, але хлопец зламаў нагу, таму на мінскім канцэрце яго замяніў іншы музыка.
Канцэрт пачынаецца з песні "Метеоритный дождь" з альбома "Виселицца". Паміж песнямі Алег камунікуе з публікай. Напрыклад, перад "Малышка любит дилера" ён раіць гледачам не ўжываць наркотыкі і алкаголь:
"Некаторыя думаюць, што наступная песня пра тое, што можна ўжываць наркотыкі. На самой справе не — гэта песня пра каханне да таго, хто іх прадае. Але любіць трэба простых рамантыкаў, адважных лётчыкаў і гурт ЛСП!".
Пасярод танцпола неўзабаве утвараецца варонка — там жорсткі слэм. У замес патрапляюць і дзяўчаты — 16-гадовая Насця прыехала на ЛСП з Брэста і падчас канцэрту страціла красовак:
"Гэта так неверагодна, што я гатовая аддаць усё, што заўгодна, толькі б пачуць яшчэ некалькі песень, патанчыць. Як паеду дадому? Ды якая розніца!"
"Мы тут проста афігеваем! Нам падабаецца. А Вам? Калі не, дык больш не прыходзьце, — заяўляе Алег перад песняй "Окей". — А калі так, дык прыходзьце... на "Мінск-Арэну". 23 сакавіка... красавіка, лютага".
Студэнт МДЛУ Ягор прыйшоў на канцэрт ЛСП ужо ў трэці раз:
"Раней гэта больш было падобна да нейкіх рэйваў, калі ўсе скокалі, танчылі і музыка была гучней. Можа быць з-за меншых памяшканняў. Зараз гэта гучыць проста нерэальна. Тое, што яны зрабілі трыа, паклікалі граць хлопцаў — гэта сапраўдная знаходка. Старыя песні гучаць па-новаму. Я лічу, што гэта даніна Рому Англічаніну. Гэта яго музыка, проста пераасэнсаванне".
"Прыкладна год таму ў Prime Hаll мы выступалі... Выступалі ў іншым складзе. Хацелася б зараз, каб усе пашумелі Рому Ангелічаніну. У гэтым горадзе ён жыў, у гэтым горадзе мы пазнаёміліся. Гэта не чужы для яго горад. Дзякуй за тое, што вы памятаеце і шуміце для яго", — пасля гэтых слоў Алега загучала песня "Цела", кліп на якую быў зняты пасля смерці Ромы, на ўспамін пра яго. Ролю Англічаніна ў ім сыграў расійскі блогер Дзмітрый Ларын.
Студэнткі Гродзенскага меда, 18-гадовыя Маша і Юля ў адзін голас заяўляюць: ЛСП — гэта перш за ўсё Алег.
"Алег ах*енны! Ён наогул лапачка, коцік. А слэм быў п*здзец, выштурхнулі да х*ёў сабачых. Але я не ўпала, выстаяла! Мы наогул хацелі спачатку прасунуцца наперад, бліжэй да сцэны. Але калі ўсё гэта пачалося, людзі падалі, была жэсць. Мы літаральна на першай песні адышлі назад".
Перад песняй "Мир стал пустым без тебя" Алег Саўчанка прызнаўся, што на канцэрт прыйшла яго маці:
"Наступная песня рамантычная... Мы рэдка яе выконваем. Як правіла, на канцэртах, дзе ёсць мая мама. Па шчаслівай выпадковасці, сёння менавіта такі дзень. Хочацца прысвяціць гэтую песню маме і сказаць якія-небудзь добрыя словы. Мама, ты самая класная. Як кажа мой сябар Фараон, падарыце маме кветкі! Патэлефануйце бацькам. Для кожнага яго мама самая класная".
Тут лагічнае пытанне: лаянку ва ўсіх песнях Алег прапускаў з-за абмежавання 12+, з-за таго, што нядаўна ў Мінску забаранілі выступы Face і Элджэя (апошнім цікавіцца пракуратура), ці ўсё-такі з-за мамы? Хутчэй за ўсё, яна слухала канцэрт з балкона, куды не пускалі журналістаў. Па інсайдарскай інфармацыі, там жа быў Youtube-блогер Юрый Дудзь, які прыехаў у Мінск, каб запісаць інтэрв'ю з Алегам.
“Монетку” — хуліганскую песню пра тое, як музыкі ЛСП забаўляюцца з жанчынамі з паніжанай сацыяльнай адказнасцю, — публіка праспявала сама, у мікрафон, які Алег павярнуў да натоўпу. "Усё, добра, рэпетыцыя прайшла паспяхова", — раптам абарваў "народнае" выкананне Алег і завёў песню спачатку. Партыю Ромы Англічаніна ў "Монетке" ўключылі ў запісе.
Зайграла яшчэ адна версія "Монетки" — джазавая, якую ЛСП запісалі ўжо з Пятром Клюевым летам 2017-га. Бліжэй да канца трэка Алег вырашыў пафрыстайліць і распавёў, што ў наступны раз ЛСП плануюць прывезці ў Мінск новы альбом.
Недзе паміж гіганцкай чаргой у гардэроб і прыпынкам сустракаем Данііла, які прызнаецца, што напачатку канцэрта падумваў патрабаваць у арганізатараў грошы за білет:
"Я ішоў паслухаць рэп. Думаў, што будзе фігова. А цяпер не разумею, што рабіць, таму што гэта было а*уіцельна. Напэўна, трэба прыйсці дадому, пачасаць пса, памыць посуд, пагутарыць з мамай і жыць далей".