Палітолаг Валерый Карбалевіч прэзентаваў палітычны партрэт Лукашэнкі
На 730 старонках аўтар падрабязна апісвае біяграфію кіраўніка краіны, яго шлях да ўлады… А таксама спрабуе адказаць на пытанні: у чым феномен Лукашэнкі і як у я
Сёння ў Мінску адбылася прэзентацыя кнігі палітолага Валерыя Карбалевіча "Аляксандр Лукашэнка. Палітычны партрэт".
Аўтар падрабязна апісвае біяграфію кіраўніка краіны, ягоны шлях да ўлады… А таксама спрабуе адказаць на пытанні: у чым феномен Лукашэнкі і як у яго атрымліваецца 16 год знаходзіцца ва ўладзе?
"Гэтая кніга не толькі пра мінулае, але і пра будучыню”, — з сумам адзначыў Валерый Карбалевіч. — Гледзячы па ўсім, палітычная біяграфія нашага героя не заканчваецца. І ёсць сур’ёзныя падставы меркаваць, што яна будзе працягвацца. Таму кніга не толькі пра мінулае, але і пра будучыню. Гэта спроба экстрапаляцыі нейкіх тэндэнцый, якія мы назіраем сёння, — у будучыню”.
Нагадаем, раней выйшлі яшчэ дзве кнігі пра дзейнага кіраўніка Беларусі — гэта "Лукашэнка. Палітычная біяграфія" Аляксандра Фядуты і "Выпадковы прэзідэнт" Паўла Шарамета і Святланы Калінкінай.
Валерый Карбалевіч: “Я лічу, што гэта вельмі мала. Пра палітыка, які так доўга знаходзіцца ва ўладзе, мусілі напісаць ужо дзясяткі кніжак. Існуе вялікая неабходнасць даследавання феномена Лукашэнкі”.
Жорсткай і суворай назваў кніжку аглядальнік БелаПАН Аляксандр Класкоўскі:
“Я думаю, што гэтая кніга важная для жорсткага самакрытычнага самаасэнсавання, бо іначай можа атрымацца, як у вядомай казцы Шварца “Забіць дракона”. Дык вось, трэба чытаць, вывучаць дзеля таго, каб гэтыя драконы дыктатуры не нараджаліся зноў у новым абліччы”.
Паводле словаў дырэктара мінскага бюро Беларускай службы Радыё "Свабода" Валянціна Жданко, кніга дапаможа наступнаму пакаленню адказаць на пытанні: чаму вы былі такія? чаму беларусы дапусцілі гэта? чаму мы так жылі гэты час?
Валянцін Жданко: “І ў гэтай кнізе ёсць адказы на гэтыя пытанні. Калі яе прачытаць, можна зразумець, чаму гэта стала магчымым і чаму мы жылі так, а не інакш. Тым аўтарам, якія наважацца пісаць пра Лукашэнку і гэты адрэзак нашай гісторыі, пасля Валерыя Карбалевіча будзе вельмі складана. У гэтыя 730 старонак укладзена вельмі шмат даследчыцкай працы. Пісаць новую кнігу пра Лукашэнку і не паўтарацца — фактычна немагчыма”.
Выступіў падчас прэзентацыі і кандыдат у прэзідэнты, паэт Уладзімір Някляеў. А таксама філосаф Валянцін Акудовіч.
Згодна са словамі філосафа, гэта кніга не толькі пра Лукашэнку:
“Карбалевіч як быццам бы напісаў гісторыю пра мяне. Так, я ўсё гэта перажываў так, як там напісана, кожны крок Лукашэнкі — і прыход да ўлады, і ўсе яго выкрутасы... І Карбалевіч мне пра ўсё гэта нагадаў. Гэтая кніга распавяла пра мае палітычныя 16 год”.
Самым апошнім слова ўзяў Аляксандр Казулін.
Фота : www.svaboda.org