Палітзняволеная Марфа Рабкова страціла прытомнасць падчас прагулкі
25 ліпеня падчас прагулкі ў СІЗА №1 страціла прытомнасць зняволеная праваабаронца Марфа Рабкова, піша праваабарончы сайт "Вясна".
Яе артэрыяльны ціск склаў 80/60 мм ртутнага слупка (гіпатанія, паніжаны ціск). Ціск замераў лекар СІЗА-1, ён жа зрабіў Марфе кардыяграму. Цяпер дзяўчына знаходзіцца на пасцельным рэжыме ў сваёй камеры і адчувае моцную слабасць.
Таксама праваабаронцы паведамляюць, што Рабкова цягам двух месяцаў мае патрэбу ў стаматолагу. Яна пісала заяву, але Следчы камітэт адмовіў ёй у такой паслузе.
Паведаляецца, што Рабкова не першы раз губляе прытомнасць. Прыкладна 27-28 чэрвеня яна губляла прытомнасць з-за недахопу паветра і духаты. Тады турэмны лекар даў ёй таблетку цытрамону.
Праваабаронца Марфа Рабкова была затрыманая 17 верасня 2020 года. У СІЗА №1 ("Валадарка") яна знаходзіцца з 19 верасня. Дзяўчыну вінавацяць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса — ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Праваабаронцы прызналі Марфу Рабкову палітычнай зняволенай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.