Палітзняволенымі прызналі Мэрыем Герасіменку, Наталлю Дуліну і яшчэ 13 чалавек
Мэрыем Герасіменка / @meriem_gera
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 15 чалавек, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".
Гэта Мэрыем Герасіменка, Уладзімір Зубец, Аксана Манкевіч, Алег Галубоўскі, Генадзь Драздоў, Пётр Драздоў, Валянцін Міцкевіч, Кацярына Бібільнікава, Наталля Дуліна, Уладзіслаў Шаковіч, Ілля Астроўскі, Дзяніс Харунжы, Людміла Абразоўская, Руслан Ксёнжык і Дзяніс Панамароў.
Найбольш вядомыя з іх — спявачка Мэрыем Герасіменка і экс-дацэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Наталля Дуліна.
Герасіменку затрымалі за ўкраінскія песні, якія яна выконвала ў адным з мінскіх бараў. Дзяўчыну спярша асудзілі на "суткі", а потым пачалі на яе крымінальную справу.
Наталля Дуліна падтрымала страйк у 2020 годзе, была звольненая з універсітэта. Сёлета яе затрымлівалі чатыры разы. Пасля апошняга затрымання стала вядома, што на яе пачалі крымінальную справу.
Праваабаронцы адзначаюць, што ўсе названыя людзі абвінавачаныя або асуджаныя паводле "народнага" артыкула 342 КК (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
На сёння ў Беларусі статус палітвязняў маюць 1348 чалавек. Колькасць тых, хто сядзіць па палітычных справах, але па розных абставінах не прызнаныя палітвязнямі, яшчэ большая.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.