Палякі і літоўцы не штурмуюць беларускую амбасаду дзеля танных візаў

Натоўп жадаючых каля консульскага аддзела польскай амбасады ў Мінску проста ўражвае. У спісе на атрыманне візы лічыцца 4 тысячы чалавек. Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці стаяць палякі і літоўцы ў бясконцых чэргах, так як і беларусы. Справа ў тым, што для іх віза будзе каштаваць не 5 еўра, а – 60. Паводле слоў прэс-сакратара Дзмітрыя Выбарнага, ніякага ажыятажу не назіраецца. У дзень выдаецца 50-150 віз. У польскай амбасадзе ў Мінску – 250-300. Паляк, які пажадаў прыехаць у Беларусь, на прыём у консульства трапляе ў дзень звароту, а ўжо праз пяць дзён можа выехаць без перашкод.

Дзмітрый Выбарны: Мы працуем так, каб прыняць у дзень столькі людзей, колькі да нас звярнулася. З пачатку года мы выдалі візы 16 тысячам грамадзянам Польшчы. І мы адзначаем рост у параўнанні з мінулым годам.

Пакуль палякі спакойна атрымоўваюць візы, беларусы па 2-3 месяцы чакаюць запаветнага штампа. Такая ж сітуацыя і з літоўскім пасольствам: беларусы штурмуюць будынак амбасады, а літоўцы ў гэты час ездзяць да нас на ўік-энд.

Загадчык консульскага аддзела беларускай амбасады ў Літве Анатоль Жаўтоўскі пацвердзіў Еўрарадыё, што яны працуюць паводле прынцыпу “да апошняга кліента”: абслугоўваюць усіх, хто звярнуўся за дзень.

Анатоль Жаўтоўскі: Колькі трэба, столькі мы прымаем людзей. У летні час мы прымалі 1500-1700 чалавек за дзень. Потым пайшоў нейкі спад: заўчора мы аформілі 849 віз, учора - 675. Але зараз зноў назіраецца нарастанне:шмат людзей збіраецца паехаць на памінальныя дні, і ў Літве аб’яўлены чатыры выхадныя.

Ніякіх нараканняў з боку тых, хто стаіць у чарзе няма: кожны ведае, што яго абавязкова прымуць у дзень звароту. Напрыклад, сёння чарга складаецца з 900 чалавек. У беларускай амбасадзе ў Літве нас запэўнілі, што апошні зойдзе ў амбасаду ў 6 гадзін вечара. Летам візы выдавалі і да 10 гадзін вечара.

Сярод самых папулярных віз – наведванне могілак, дзелавыя сустрэчы.

Анатоль Жаўтоўскі: Не трэба загадзя займаць ніякай чаргі. Прыходзіш - і адразу ж становішся ў “жывую” чаргу. І калі ён едзе без запрашэння, то праз дарогу атрымоўвае страхавы поліс і медыцынскую страхоўку. І ў гэты ж дзень атрымоўвае візу, калі гэта проста неабходна. А сама сістэма прадугледжвае (згодна з заканадаўствам) на працягу трох дзён выдаць візу.

За 9 месяцаў працы амбасады выдадзена амаль 130 тысяч віз. Гэта значыць, што кожны дзесяты літовец наведаў Беларусь у гэтым годзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі