Памерла стваральніца паэтычнага тэатра "Зніч" Галіна Дзягілева
Галіна Дзягілева
12 верасня ва ўзросце 77 гадоў памерла акторка Галіна Дзягілева. Пра гэта ў сацсетках напісалі яе сябры, заўважыў сайт "Зеркало".
Дзягілева вядомая як стваральніца паэтычнага тэатра "Зніч", які з'явіўся ў 1989 годзе. 17 гадоў (1968-1985) актрыса працавала ў Віцебскім тэатры імя Якуба Коласа, пасля чаго перайшла ў канцэртна-лекцыйны аддзел Белдзяржфілармоніі. Там і занялася стварэннем новага калектыву.
"Зніч" не меў сваёй пляцоўкі, таму выступаў у розных месцах — у Нацыянальнай бібліятэцы і на малой сцэне Купалаўскага тэатра, у Тэатры юнага гледача ды іншых сцэнах. Напрыканцы 90-х тэатр атрымаў сваю залу ў Чырвоным касцёле.
Дзягілева была і аўтаркай інсцэніровак, і выканаўцай, і рэжысёркай монаспектакляў па творах Янкі Купалы, Васіля Віткі, Ніла Гілевіча ды іншых беларускіх пісьменнікаў. Спектаклі дэманстраваліся на фестывалях як у Беларусі, так і за мяжой.
У лютым 2023-га акторку адправілі на пенсію, калектыў спыніў існаванне.
Развітанне з Галінай Дзягілевай адбудзецца 13 верасня а 11-й гадзіне ў крэматорыі на мінскіх Паўночных могілках.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.