Памылка рамонтнікаў пакінула жыхароў Фаніпаля без вады
У Фаніпалі на Міншчыне жыхары чатырох вуліц засталіся на некалькі дзён без вады ў выніку памылкі рамонтнай службы, распавядае тэлеканал СТВ.
Спачатку ваду адключылі планава: мянялі стары вадаправод на новы. Але неўзабаве пасля рамонту вада зноў знікла. Высветлілася, што рамонтнікі зрабілі працу не поўнасцю. 7 ліпеня трубаправод прарвала, вада затапіла чатыры вуліцы — Камсамольскую, Шульгі, Зялёную, Купалы. Каля чатырох тысяч чалавек засталіся без вады.
Дарэчы, камунальнікі не пабачылі ў здарэнні нічога асаблівага.
"Гэта звычайная, шараговая сітуацыя. Горад развіваецца, горад забудоўваецца, ідуць рэканструкцыі, з прычыны чаго перакладаюцца сеткі, у тым ліку вадаправодныя", — разважае намеснік дырэктара Дзяржынскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Дзяніс Разумаў.
Падчас адключэння для жыхароў быў арганізаваны падвоз вады. Рамонт яшчэ працягваецца, але цяпер падача вады ўжо цалкам адноўленая.