Памёр былы прэм'ер-міністр Ізраіля Арыэль Шарон
85-гадовы палітык знаходзіўся ў коме з 2006 года.
У мінулую нядзелю лекар экс-прэм'ера прафесар Зееў Ратштэйн заявіў, што стан Шарона рэзка пагоршыўся і ён, хутчэй за ўсё, не зможа перажыць цяперашні крызіс. Па словах лекара, якія перадае ВВС, Шарону заставалася жыць некалькі дзён.
Шарон апынуўся ў коме ў 2006 годзе пасля перанесенага шырокага інсульту. З тых часоў ён знаходзіўся ў вегетатыўным стане і быў падлучаны да апарата штучнага дыхання.
Экс-прэм'ер браў удзел ва ўсіх войнах, якія Ізраіль вёў з дня свайго заснавання ў 1948 годзе. У Ізраілі шмат хто лічыць яго героем, а многія палестынцы горача яго ненавідзяць.
Яму належалі неадназначна сустрэтыя нават у самым Ізраілі планы па будаўніцтве бар'ера бяспекі на Заходнім беразе ракі Іярдан. Таксама ён прапаноўваў актыўна засяляць акупаваныя палестынскія тэрыторыі.
Фота — АР