Памёр "дэпутат незалежнасці" Мікалай Крыжаноўскі

Мікалай Крыжаноўскі

Мікалай Крыжаноўскі / RFE/RL

Памёр палітык, дэпутат Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 1990—1995 гадоў Мікалай Крыжаноўскі. Да свайго 88-годдзя ён не дажыў два тыдні.

"17 снежня не стала Мікалая Кірылавіча Крыжаноўскага — дэпутата незалежнасці, моцнага беларуса, шчыра адданага Бацькаўшчыне — Беларусі", — піша Зянон Пазняк у Фэйсбуку.

"Мікалай Кірылавіч быў адным з аўтараў Дэкларацыі аб сувэрэнітэце, эканамічных праграмаў і законапраектаў БНФ, сябрам КХП-БНФ. А таксама — самым старэйшым сярод удзельнікаў галадоўкі дэпутатаў БНФ супраць антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму 11-12 красавіка 1995 г.", — згадвае пра яго Сяргей Навумчык.

Мікалай Крыжаноўскі нарадзіўся 1 студзеня 1937 года ў Бабруйску. Скончыў Паўночна-Заходні політэхнічны інстытут у горадзе Ленінградзе. У Вярхоўным Савеце ХІІ склікання ўваходзіў у камісію па пытаннях развіцця прамысловасці, энергетыкі, транспарту, сувязі і інфарматыкі, а таксама ў часовую камісію па прывілеях. Акрамя таго Крыжаноўскі быў чальцом ценявога кабінета (урада) Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, уваходзіў у камітэт па барацьбе з карупцыяй.

"Мне пашчаслівілася спатыкаць у жыцці шмат чэсных, разумных, сумленных і справядлівых людзей у вышэйшым сэнсе гэтых слоў. Мікалай Кірылавіч быў адным з іх. Найвыдатнейшы чалавек", — адгукаецца пра яго Зянон Пазняк.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі