Памёр Міхаіл Марыніч
Былому міністру знешнеэканамічнай дзейнасці і палітвязню было 74 гады.
Аб смерці Міхаіла Марыніча паведамляе сайт “Хартыя 97” са спасылкай на родных палітыка.
Марыніч быў міністрам да 1999 года, пазней стаў амбасадарам Беларусі ў Латвіі. Напісаў заяву аб адстаўцы падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2001 года, каб прыняць удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Аднак выбыў з перадвыбарнай гонкі пасля таго, як не набраў неабходнай колькасці подпісаў выбаршчыкаў і не быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата.
Пасля выбараў узначаліў міжнародную грамадскую арганізацыю “Беларуская асацыяцыя “Дзелавая ініцыятыва”. У красавіку 2004 года быў арыштаваны, у снежні 2004 года быў прысуджаны да пяці гадоў узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Суд прызнаў яго вінаватым у завалоданні аргтэхнікай. Датэрмінова вызвалены ў красавіку 2006 года. У 2010 годзе Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў Міхаіла Марыніча ахвярай палітычных рэпрэсій.