Parov Stelar Band прысвяцілі Беларусі песню “Вечны агонь”

Музыкі з аўстрыйскага гурта распавялі пра стрыптыз, які танцуе душа, і пра тое, што апранае яе пасля.

Шыкоўны аўстрыйскі гурт Parov Stelar Band наведаў беларусаў з нядоўгім канцэртам. Адразу пасля шоў Еўрарадыё сустрэлася з лідарам гурта Маркусам Фюдэрэрам, таксама вядомым як Parov Stelar, і вакалісткай Беатай Баўмгартнер.

       

                                                           Беата Баўмгартнер і Маркус Фюдэрэр

Мы гралі і ў больш дзіўных месцах... Напрыклад, у Азербайджане!


― Ці не дзіўна гэта для вас ― сядзець тут, далёка ад дома, пасярод беларускага лесу, уночы?..

Маркус Фюдэрэр: Ды не. Пасля таго, як я пераехаў з цэнтра горада ў прыгарад, дык і ўвогуле тут, у лесе, адчуваю сябе больш дома, чым у якім-небудзь сучасным клубе. Нам даводзілася выступаць у больш дзіўных месцах.

― Напрыклад?

Маркус Фюдэрэр:
Напрыклад, у Азербайджане!

Маркус Фюдэрэр: Мы прыехалі толькі некалькі гадзін таму і вельмі хутка вяртаемся дадому. Таму, калі шчыра, нічога не паспелі і не паспеем убачыць. Але мы адчулі неверагодную любоў людзей ― гледачы ў вас вельмі добрыя! Таму, нягледзячы на тое, што ў прамоўтэраў былі пэўныя праблемы з арганізацыяй нашага шоў, канцэрт атрымаўся выдатным, і мы аддалі людзям шмат энергіі, а яны адчулі яе і адплацілі нам сваёй энергіяй. Гэта ўвогуле лепшае, што магло адбыцца падчас канцэрта!

― Як вы ацэньваеце працу беларускіх прамоўтэраў?

Маркус Фюдэрэр: Я не ведаю, бо мы факусуемся на музыцы. Арганізацыя шоў ― не наша справа... А наша справа сыходзіць з нашага сэрца. Таму лепш запытайцеся ў майго менеджэра. Бо мы імкнемся не лезці ў арганізацыйныя дэталі. Мы думаем пра сябе, пра шоў, пра людзей, якія прыйшлі на паці. Але, здаецца, сёння ўсё было добра. Людзей было шмат... Нам спадабалася!

Канцэрт Parov Stelar Band пачаўся апоўначы на адкрытай сцэне фэста “Бархатный сезон” у Крутагор’і пад Мінскам. Было даволі халодна ― не больш за 10 градусаў. Але хвілін праз 20 пасля пачатку шоў Беата Баўмгартнер скінула кофту і замест яе апранула лёгкі пінжак. Спякотна было і ў "зале": аўстрыйскія музыкі сапраўды запалілі ноч!

                                                            Калі ёсць порах ― дай агню!


― Вы выканалі перад беларускімі гледачамі што-небудзь асаблівае, чаго не гралі дагэтуль?

Маркус Фюдэрэр:
Мы сыгралі “The Phantom”. Гэта самы свяжак, наш апошні EP, таму Parov Stelar Band яшчэ не паспеў нагуляцца ў гэтую песню падчас выступаў.

Беата Баўмгартнер: А яшчэ я крыху памяняла тэкст у “The Flame of Fame”. Гэта ж вельмі цікава ― спяваць на розных канцэртах розны тэкст, у залежнасці ад настрою. Я так раблю заўсёды. І сёння я спявала гэтую песню ― “Вечны агонь” ― для Беларусі.

― Дык а як змяніўся тэкст?

Беата Баўмгартнер: Эм...

Маркус Фюдэрэр: Прабач, я табе не дапамагу прыгадаць!!!

Беата Баўмгартнер: Хацелася сказаць, што мы прыехалі з іншай краіны. Там зусім іншая свабода, асабліва ў некаторых рэчах. Я адчула энергію, якая сыходзіць ад моладзі ў вашай краіне. Нават зараз, у гэтым пакоі, я яе адчуваю. І гэта адчуванне ― прадчуванне перамен. Таму я і звярнула ўвагу на агонь у гэтай песні.

Маркус Фюдэрэр: Мне здаецца, я зразумеў цябе. Агонь ― гэта пачатак новай ідэі. Усё вялікае пачынаецца з маленькага пробліску. І таму ты паспрабавала перадаць агонь з нашай песні гледачам, зрушыць іх да вялікіх падзеяў, бо песня можа гэта.

                                          “Калі я пішу песню ― мая душа танцуе стрыптыз!”


― Як сабраўся ваш гурт?

Маркус Фюдэрэр:
Так адбылося, гэта лёс. Як мы знайшлі адзін аднаго і стварылі супольны гурт ― гэта доўгая гісторыя. Але зараз важна не гэта, а тое, што нам прыемна бавіць час разам. Тое, што мы робім разам, атрымліваецца вельмі ўдала. Гэта fun, і мы граем нашу музыку з вялікай асалодай.

― Якімі словамі вы маглі б апісаць сваю музыку?

Маркус Фюдэрэр: Я думаю, што ўсё, што мы робім ― пра каханне. А пра каханне напісана столькі кніжак, столькі песень... Але ўсё роўна ты не можаш гэта апісаць словамі, бо не існуе патрэбных словаў... Калі я пішу песню ― мая душа танцуе стрыптыз! Я літаральна адчуваю сябе аголеным! Але людзі, калі вяртаюць мне свае пачуцці наўзамен тых, якія я аддаю ім, апранаюць мяне зноў.

І яшчэ, нават калі ты адчуваў аргазм ― хіба ты зможаш апісаць яго каму-небудзь? Кожны музыка сутыкаецца з гэтай праблемай. І нават калі забыцца пра слухачоў, калі ты маеш з кім-небудзь добрыя адносіны ― ты таксама нічога не зможаш дакладна патлумачыць словамі.

Беата Баўмгартнер:
Я магу паспрабаваць адказаць на гэта пытанне. Ёсць канцэрты, на якія, акрамя звычайных людзей прыходзяць бізнесоўцы і чыноўнікі. І я здагадалася, што іх яднае: яны хочуць танцаваць! Яны хочуць адпачыць, хочуць хаця б на некалькі хвілін забыць пра ўвесь астатні свет. Вось што ёсць для іх наша музыка.

― А што такое каханне?

Маркус Фюдэрэр: А вось вы мне раскажыце, што такое каханне? Калі б хто-небудзь з нас ведаў адказ на гэтае пытанне ― ён быў бы нашмат багацейшы.

― А як бы вы адным словам вызначылі стыль, у якім грае Parov Stelar Band?

Маркус Фюдэрэр: Гэта, можа, двухсоты раз, калі мне задаюць такое пытанне. І я ў двухсоты раз не ведаю, што вам на яго адказаць... Аднойчы я размаўляў з карэспандэнтам аднаго французскага часопіса і сказаў, што мы граем электрасвінг. Ім гэта спадабалася, і яны так і напісалі. І пасля іх 200 журналістаў ужо напісалі, што Parov Stelar Band грае электрасвінг. Так што мы граем электрасвінг.


― Чым вы натхняецеся? Хто ваша муза?

Маркус Фюдэрэр: Калі ты прачынаешся раніцай, і кожны дзень адрозніваецца ад папярэдняга ― вось адкуль маё натхненне! Я заўжды імкнуся трансляваць у свае трэкі сваё жыццё, дзень за днём. Таму яно мусіць быць цікавым! А муза... Насамрэч, гэта мая жонка! І мне падаецца, што гэта даволі распаўсюджана сярод музыкаў.

Беата Баўмгартнер:
Мае музы ― гэта людзі, якія мяне акаляюць.

― Пра што вы марыце?

Маркус Фюдэрэр:
Вам шчыра ці прыгожую казачку? Калі казачку ― дык пра "Grammy". А калі шчыра... Я пачаў займацца музыкай 10 гадоў таму на сваёй кухні. І я ніколі не спадзяваўся на тое, што адбываецца са мной зараз. Не думаў, што Parov Stelar Band набудзе такую шалёную папулярнасць. Але апошнія два-тры гады нас папросту несла!

Беата Баўмгартнер:
Натуральна, заўжды хочацца граць у большых залах перад шырэйшай аўдыторыяй. Але ёсць і яшчэ адна мара: каб наша музыка заўжды захоўвала таямніцу свайго з’яўлення на свет. Каб Parov Stelar Band заўжды заставаўся для публікі неспадзяванкай.

― Калі беларусы наступным разам пабачаць Parov Stelar Band?

Маркус Фюдэрэр: Мне складана пра гэта меркаваць. Ёсць планы, каб неўзабаве зладзіць канцэрт у Львове. Гэта недзе блізка ад вас, так? Але гэта яшчэ не дакладна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі