Пасля Пастановы №141 кошты выратуе толькі бюракратычная валакіта

Каб у Беларусі ўсталяваліся нармальныя рынкавыя кошты, трэба адмяніць іх эканамічнае абгрунтаванне і стварыць антыманапольны камітэт Пастанова №141 спужала тым, як лёгка будзе беларускім прадпрымальнікам узняць кошты на сваю прадукцыю. Але атрымалася інакш: з аднаго боку — свабода гандлёвых надбавак. А з іншага – грувасткі механізм абгрунтавання новых коштаў. Распавядае эканаміст Сяргей Чалы:

Сяргей Чалы: “У нас структура эканомікі такая, што ёсць прыватны сектар, а ёсць дзяржаўны. Прыватнікі, з большага, не зацікаўленыя ў тым, каб падвышаць свае выдаткі. Яны зацікаўленыя ў падвышэнні адпускнога кошту. Таму для яго працавала гэтая норма гранічнай рэнтабельнасці, абмежаванне накрутак.

Для дзяржаўнага сектара — наадварот. Людзі, якія не валодаюць прадпрыемствамі, а толькі сядзяць на грашовых плынях, зацікаўленыя, каб ад гэтых плыняў што-небудзь атрымаць. А гэта рабілася праз завышэнне кантрактных коштаў і, адпаведна, сабекошту прадукцыі”.

Завышалі закупачны кошт і прыватнікі, што займаліся імпартам. Для гэтага існавалі свае механізмы: не адлюстроўваць ў накладных аптовых ці бонусных зніжак, указваць закупачныя кошты па каталогах і г.д.

Мінэканомікі дамагаецца каб закупачныя кошты “здуліся”. Тады больш выгадна будзе выглядаць гандлёва-эканамічнае сальда. Замест іх чыноўнікі прапануюць прадпрымальнікам гандлёвую надбаўку — падвышэнне коштаў на імпартныя тавары ўнутры краіны.

Але, адмяняючы адно абмежаванне, Мінэканомікі падстрахавалася, захоўваючы другое. Распавядае старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Карагін:

Уладзімір Карагін: “Галоўнае — не дробнымі такімі крокамі ісці, як Міністэрства эканомікі, а правесці грунтоўную лібералізацыю коштаўтварэння. Рыначная кан’юнктура выбудуе ўсе неабходныя сістэмы ўзаемаадносінаў паміж вытворцамі і гандлярамі. І, мяркую, некаторыя тавары, кошты на якія штучна накручваюцца, нават патаннеюць”.

Але цалкам магчыма, што нават грунтоўная лібералізацыя рынка не запусціць рыначныя механізмы рэгулявання коштаў. Бо здаровая канкурэнцыя з’явіцца толькі тады, калі прадпрымальнікі не здолеюць дамаўляцца і ўздымаць кошты сінхронна. Па словах Уладзіміра Карагіна, такой стратэгіі паводзінаў дзяржава нічога не зможа супрацьпаставіць:

Уладзімір Карагін: “Мы сёння адзіная краіна ў Еўропе, у якой няма антыманапольнага ведамства, якое б даследвала сітуацыю на гандлёвых рынках, рэгулявалала б дзейнасць манапалістаў і гэтак далей”.

І вось атрымалася, што адзінае, што выратуе кошты ад імклівага падвышэння пасля 29 кастрычніка (менавіта тады набывае моц Пастанова №141) — гэта Указ прэзідэнта № 285 ад 19 траўня 1999 г. Згодна з ім, прадпрымальнікі могуць падвышаць кошты толькі на 0,6% у месяц, а сама працэдура патрабуе грувасткага абгрунтавання. Працягвае Ўладзімір Карагін:

Уладзімір Карагін: “Узгадніць кошты лёгка. Складана абгрунтаваць, гэта дадатковая працэдура. У невялікай вытворчай кампаніі, дзе працуе 15 чалавек, трэба сабраць штомесяц 2 тома дакумантаў прыкладна па 200 старонак абгрунтавання падвышэння коштаў, напрыклад, на 0,5%.

У кампаніі, дзе працуе 15 чалавек, два чалавекі занятыя толькі абгрунтаваннем коштаў”.

Бюракратычная валакіта — гэта, вядома ж, дрэнна. Дрэнна таксама, што выдаткі на працу гэтых двух чалавек прадпрыемства ўкладае ў кошт тавара. Але ў параўнанні з магчымым сінхронным ростам коштаў на дзесяткі адсоткаў праз некантраляванае падвышэнне гандлёвай надбаўкі гэта — дробязі.

Ілюстрацыя: Подробности

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі