Пасля раздачы велікодных булак з Марыяй Васілевіч "усё добра”
Марыя Васілевіч, фота: instagram.com/by_vasilevich
19 красавіка, на праваслаўны Вялікдзень, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Марыя Васілевіч займалася дабрачыннасцю. На сваёй машыне яна развозіла па Мінску велікодныя булкі, у тым ліку і ў бальніцы. А суправаджалі "Міс Беларусь — 2018" манашкі Свята-Елісавецінскага манастыра.
Праз некалькі дзён Еўрарадыё стала вядома пра пацверджаны выпадак COVID-19 у аднаго са святароў Свята-Елісавецінскага манастыра. 23 красавіка манастыр адмяніў усе культурна-асветніцкія мерапрыемствы на сваёй тэрыторыі, а таксама мерапрыемствы ў Мінску з удзелам сваіх клірыкаў.
Адміністрацыя манастыра пацвердзіла два выпадкі каранавіруснай інфекцыі сярод манашак. Аднак расійская журналістка Марына Ахмедава са спасылкай на ананімныя крыніцы ў манастыры напісала, што "са 130 сясцёр 100 хворыя".
Інкубацыйны перыяд COVID-19 складае 14 дзён, але ў сярэднім людзі пачынаюць адчуваць сімптомы хваробы праз 5-7 дзён. Еўрарадыё вырашыла пацікавіцца станам здароўя ў Марыі Васілевіч.
"Са мной усё добра. Дзякуй за клопат", — бадзёрым голасам адказала нам дэпутатка.
Каранавірус выявілі і ў іншых праваслаўных манастырах Беларусі. Напрыклад, у Лядзенскім манастыры ў вёсцы Малыя Ляды Смалявіцкага раёна. 19 красавіка гэты манастыр наведваў Аляксандр Лукашэнка разам з малодшым сынам Мікалаем. Яны пабывалі ў Свята-Благавешчанскім Лядзенскім храме, які знаходзіцца на манастырскай тэрыторыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.