Пасол Расіі: Улады Беларусі дыскрэдытавалі сябе арыштам Баўмгертнера
З такой заявай выступіў амбасадар Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.
Па яго словах, якія перадае interfax.by, "мае месца нейкая незразумелая дыскрэдытацыя ўлады". Дыпламат нагадаў, што расійскі бізнэсовец прыбыў у Мінск на запрашэнне прэм'ер-міністра і быў затрыманы пасля перамоваў. Цяпер, па словах Сурыкава, затрыманы кіраўнік "Уралкалія" знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
"Я такой міжнароднай практыкі наогул не ведаю: калі ўлада запрашае, а потым праваахоўныя органы затрымоўваюць. Напэўна, запрашэнне з'яўляецца свайго кшталту гарантыяй бяспекі, і дзеянні потым праваахоўных органаў у гэтай сітуацыі не зусім карэктныя ў адносінах да ўласнай улады", — сказаў дыпламат.
Ён дадаў, што "ў міжнароднай практыцы, напэўна, такія неспадзяванкі бываюць, але гэта незвычайна рэдка".
Фота — bymedia.net