Паўла Вінаградава суд адправіў за краты 16-ы раз за апошнія тры гады
Справу актывіста маладзёжнага крыла "Zмена" кампаніі "Гавары праўду" 9 кастрычніка разглядаў суд Маскоўскага раёна сталіцы.
"За хуліганства" Вінаградава асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Яго абвінавацілі ў тым, што ён у сераду, нібыта, учыніў дробнае хуліганства ў будынку Маскоўскага РУУС. Рашэнне вынесла суддзя Вольга Лістраценка, інфармуе Радыё Свабода.
Раней за знаходжанне ў нецьвярозым стане ў грамадскім месцы Паўла Вінаградава аштрафавалі на 1 млн 200 тысяч рублёў. Гэтае месца — таксама Маскоўскі РУУС, куды актывіст прыйшоў адзначыцца, бо знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам.
Павал Вінаградаў у судзе заявіў, што абедзве справы супраць яго сфальшаваныя міліцыяй, каб працягнуць прэвентыўны нагляд і, магчыма, накіраваць на прымусовае лекаванне ад алкагалізму. Сёння ж у судзе разглядалася іншая справа Вінаградава — яму працягнулі на год прэвентыўны нагляд.
26-гадовы Павел Вінаградаў — адзін з фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года, быў асуджаны на чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, вызвалены на падставе ўказа Лукашэнкі аб памілаванні. Прэвентыўны нагляд сканчаўся 25 кастрычніка.
Нагадаем, у пятніцу ў Мінску пройдзе саміт кіраўнікоў краін СНД і Еўразійскага эканамічнага саюза. Традыцыйна напярэдадні такіх мерапрыемстваў Паўла Вінаградава затрымлівалі і адпраўлялі пад адміністрацыйны арышт. На сённяшні дзень на рахунку Паўла Вінаградава ўжо 17-ць “адсідак” з 2007 года і 15-ць — з 2012-га.
Вінаградаў: З’ехаць з Беларусі — значыць здацца. Лепш сядзець на сутках
Галоўны “брыдкаслоў” краіны Павел Вінаградаў
Фота — Еўрарадыё