Паўлу Дураву працягнулі тэрмін утрымання пад вартай — AFP
Павел Дураў
У нядзелю ўвечары Паўлу Дураву працягнулі тэрмін утрымання пад вартай, паведамляе AFP са спасылкай на сваю крыніцу. Законы Францыі дазваляюць папярэдняе затрыманне на тэрмін да 96 гадзін. Дураў быў затрыманы ўвечары 24 жніўня. Далей суд прыме рашэнне: вызваліць яго або выставіць абвінавачванні. Паўла Дурава могуць і пакінуць пад вартай.
Заснавальніка Telegram затрымалі ў аэрапорце Ле Буржэ пад Парыжам. У Францыю ён прыляцеў з Азербайджана. Французскія СМІ пішуць, што Дурава падазраюць у датычнасці да абароту наркотыкаў, тэрарызму, злачынстваў супраць дзяцей і махлярства (прэтэнзіі з'явіліся "праз адсутнасць мадэрацыі на платформе і адмову ад супрацоўніцтва са спецслужбамі"). Пракуратура абяцала пазней даць афіцыйную інфармацыю.
Увечары 25 жніўня на затрыманне Паўла Дурава адрэагавала каманда Telegram. У заяве адзначаецца, што месенджар выконвае законы Еўрасаюза, а яго мадэрацыя "адпавядае стандартам галіны і ўвесь час удасканальваецца". "Абсурдна сцвярджаць, што платформа або яе ўладальнік нясуць адказнасць за злоўжыванні на гэтай платформе", — падкрэслівае каманда Telegram.
Telegram на сённяшні дзень мае амаль мільярд карыстальнікаў па ўсім свеце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.