“Паверу, што нас не кінулі прадзюсары, толькі калі будзем ехаць па Еўропе”
На здымках “Аўтобуса” Еўрарадыё высвятляла, чаму затрымаўся ад’езд праекта ў Еўропу, як складаліся пары ўдзельнікаў шоў і як адсейвалі парушальнікаў.
Памятаеце, у сярэдзіне сакавіка мы расказвалі пра планы адной беларускай каманды зняць айчыннае рэаліці-шоў з нечаканай для “love story” назвай “Аўтобус”? Той “Аўтобус”, што павінен быў 29 красавіка пачаць рухацца з Мінска па маршруце Вена-Верона-Венецыя-Мілан-Лугана-Цюрых-Канстанц-Прага. Мы нават схадзілі на адзін з першых кастынгаў па адборы будучых пасажыраў “Аўтобуса”.
Прызначаная дата выезду мінула, і мы пачалі задумвацца:
“Ці не падстава гэта? – перахоплівае мае думкі адна з удзельніц рэаліці-шоў, якой пашчасціла прайсці кастынг, падчас нашай сустрэчы 17 траўня. Але ці пашчасціла? Кастынг прайшла, кантракт на ўдзел падпісала, свой унёсак у праект у памеры 399 еўра зрабіла, а аўтобус у Еўропу так пакуль і не выехаў. – Мы перыядычна сустракаемся для здымак нейкіх эпізодаў у Беларусі, знаёмімся, нечаму вучымся. Візы нам ужо нават зрабілі. Але ў тое, што нас не кінулі, я паверу толькі тады, калі мы на абяцаным двухпавярховым аўтобусе пераедзем беларускую мяжу!"
Як я ўжо пісаў раней, ідэя “Аўтобуса” – аб’яднаць “праграму пра вандроўкі па прыгожых мясцінах Еўропы” і шоў у стылі “love story”, каб назіраць “за развіццём сяброўскіх і цёплых стасункаў паміж людзьмі цягам вандроўкі”. За два месяцы пасля кастынгу ўдзельнікі праекту паспелі перазнаёміцца, і сярод іх нават склалася некалькі “пар”, здымачная група паспела наздымаць шмат відэаматэрыялу на радзіме, а прадзюсары праекту падпісалі дамову на паказ іх “прадукту” з каналам АНТ.
Мая размова з удзельніцай рэаліці-шоў адбываецца падчас апошняга, па словах прадзюсараў, здымачнага дня ў Беларусі, 17 траўня. Здымаюць у аграсядзібе “Дукарскі маёнтак” пад Мінскам. Кіраўнікі праекту прапануюць удзельнікам вандроўку ў мінулае Беларусі. Вырашаю папрысутнічаць, каб скласці асабістае ўражанне – наколькі ўсё сур’ёзна, чаго чакаць ад прагляду шоў?
Калі нехта з удзельнікаў спадзяваўся, што гэтая вандроўка ў мінулае абмяжуецца месцам правядзення здымак ды сустрэчай з музыкамі і вершніцамі ў старадаўніх ліцвінскіх строях на ўваходзе ў “маёнтак”, то ён памыліўся.
Далей быў конкурс ад сапраўднага маршалка пад векавым дубам, які загадаў удзельнікам пералічыць “тое, што было ў нас у часы Вялікага Княства Літоўскага, а цяпер няма”. Даючы заданне, маршалак вельмі іранічна падколваў хлопцаў і дзяўчат за іх няведанне роднай мовы.
“Саслаць бы цябе на ўсходнія межы ядры да пушак падносіць, як ты матчынай мовы не шануеш! І не трэба падказкі шукаць у сваіх сучасных прыладах! Ты па складах кажы, як яны ў вас называюцца: гад-жэ-ты!”
Напісанае ўдзельнікамі на аркушах супрадзюсар праекту Інга Хрушчова збірае, але вынік не агучвае. Толькі пагрозліва папярэджвае: “Мы гэта агучым і падвядзем не вельмі прыемныя для асобных удзельнікаў вынікі пазней...” Пазней – гэта значыць падчас здымак новых сюжэтаў. Чым гэта можа пагражаць? Вылетам з далейшага ўдзелу, тлумачаць мне.
Пасля ўдзельнікі мусілі не толькі сесці верхам на каня, але і паказаць здольнасці ў “джыгітоўцы”. Для адной з дзяўчат гэта завяршаецца падзеннем на пясок з невысокай і даволі спакойнай кабылкі. “Не адбіла жаданне працягваць удзел у праграме? – цікаўлюся. – А то невядома, якія жарсці яны вам у той Еўропе загадаюць зрабіць...” – “Ні ў якім разе! Усё са мной добра: падумаеш – звалілася на пясок!” – спалохана адмахваецца ад мяне і занепакоеных сяброў няўдалая вершніца.
Потым кожны з удзельнікаў спрабуе сябе ва ўменні выпіць кілішак мясцовай гарэлкі з шаблі і ў беларускіх танцах.
Навошта гэты сюжэт у рэаліці-шоў, асноўная дзея якога будзе адбывацца на радзіме Рамэа і Джульеты?
“Нам самім цікавая беларуская гісторыя, -- тлумачыць прадзюсар праекту Уладзіслаў Савін. – Я калі размаўляў з прадстаўнікамі ўласніка гэтага маёнтка, то шчыра ім сказаў, што ёсць прабел у разуменні таго, кім былі продкі гэтых юнакоў, хто стаяў ля вытокаў культуры беларускай. І я лічу, што сёння яны дакрануліся да таго, аб чым не здагадваліся нават. У Еўропе я бачу, як добра моладзь ведае сваю нацыянальную культуру і гісторыю свайго народа, і ведаю, як складана з гэтым у нас”.
Назіраючы цягам дня за здымкамі і іх удзельнікамі, звяртаю ўвагу на аднаго хлопца, які на здымках заўжды з краю, а ў перапынках – сядзіць ці ходзіць подаль ад усіх у адзіноце. “Сумневы ў мяне і наконт яго камандных здольнасцяў, і наконт матывацыі ўдзелу ў праекце”, -- дзеліцца са мной супрадзюсар праекту Інга Хрушчова.
Вырашаю разабрацца з “матывацыяй” ціхоні. І раптам:
– У мяне планы не зусім такія, як у маіх калег: мая мэта – не вандраваць і знаёміцца. Праўда, я спадзяюся з часам пераадолець свой бар’ер і здолею стаць часткай гэтай каманды і перамагаць. І стану фаварытам, можа быць… Калі, праўда, мяне не турнуць з праекта раней, – прызнаецца суразмоўца.
– Мэта ўсяго праекта – вандраваць і знаёміцца! Калі ў цябе не такая, то навошта ты тут, якая ў цябе мэта?
– Каханне. Я прадчуваў, што наш праект трапіць у ратацыю, што нас пакажуць па канале, дзе мяне зможа ўбачыць канкрэтны чалавек. І пабачыць, што я магу нешта.
– Дзіўна, канечне, даказваць сваё каханне удзелам у рэаліці-шоў у стылі “love story”! А не думаеш, што тут могуць узнікнуць рамантычныя пачуцці?
– Гэта немагчыма! Мы тут знаёмімся па раскладзе… Для мяне павінная быць нейкая гісторыя адносінаў, а не так, што 17 гадзін, і мы знаёмімся. Калі я ўжо тут, то гэта раблю, канечне, але хацелася б іншага…
Адразу пасля гэтай размовы пачаліся чарговыя здымкі – пад старажытную музыку хлопцы і дзяўчаты вучыліся танцаваць даўнія беларускія танцы.
“Размяліся агульным танцам, а зараз разбіцеся на пары – як каму вока ляжа!” – заклікае ўдзельнікаў вядоўца. Танец скончыўся, і…
– Гэтымі вось парамі вы і будзеце далей удзельнічаць у нашым рэаліці-шоў! – агаломшваюць арганізатары. Адна з дзяўчат у слязах бяжыць у найбліжэйшую альтанку, за ёй – высокі, крыху няскладны хлопец-“камп’ютаршчык”. Абодва – з розных пар танца. Разумею, што гэта была “пара”, якая чамусьці не склалася ў пару падчас танца. Чаму, была ж магчымасць выбраць “сваю палову”?
– Пажартаваў, называецца! – разгублена глядзіць на сваю сяброўку хлопец. – Спецыяльна запрасіў на танец іншую дзяўчыну – ну проста пажартаваць вырашыў. А яно вунь як атрымліваецца… Хто ж ведаў, што такім чынам нам пары складаюць!
– І што цяпер будзеш рабіць?
– У здымках і конкурсах будзем удзельнічаць у сваёй пары, як ужо склалася, а пасля здымак будзем разам – гэта ж не забараняецца, – разважае дзяўчына.
– Можа, мы яшчэ нейкім чынам памяняемся, можа, яшчэ ўсё складзецца, – супакойвае больш сябе “жартаўнік”.
“Можа яшчэ, канечне, усё перайграецца, а можа, і не”, – не дае канкрэтнага адказу на маё пытанне Інга Хрушчова.
І гэта была яшчэ не апошняя непрыемная неспадзяванка апошняга здымачнага дня. На завяршэнне вядоўца дастае з тэчкі раздрукоўку старонкі адной з удзельніц праекту і цікавіцца: ці праўда, што яна выйшла замуж ужо пасля таго, як прайшла кастынг і падпісала кантракт з прадзюсарамі? Па ўмовах удзельнікі павінныя быць свабоднымі для “рамантычных узаемаадносінаў” падчас вандроўкі. “Муж ведае, што з сябе ўяўляе гэтае шоў, і адпускае мяне!” – упэўнівае парушальніца. Не спрацоўвае, і з дзяўчынай развітваюцца. Зразумела, што ўкладзеныя ў праект 399 еўра ёй ніхто не верне, – яна свядома парушыла кантракт. Цікаўлюся, ці былі яшчэ такія непрыемныя выпадкі.
– Чаго толькі не было! – дзеліцца Уладзіслаў Савін. – Высветлілася, што ў аднаго з удзельнікаў ёсць сям’я, і жонка выпадкова даведалася пра яго планы. Ён сцвярджае, што яны разводзяцца. Можа, і разводзяцца, але ж цяпер ён не ў разводзе, не свабодны чалавек. А нас падмануў пра сваё сямейнае становішча. Адну дзяўчыну маці не пусціла – ужо пасля таго, як тая кастынг прайшла…
У апошні момант звяртаю ўвагу, што дзяўчат і хлопцаў не роўная колькасць – хлопцаў меней. Мне тлумачаць, што частка ўдзельнікаў – расіяне, і яны далучацца да “Аўтобуса” ў апошні момант. Маўляў, дорага іх запрашаць прыязджаць на здымкі ў Беларусь. Можа, і дорага. Але падаецца, што пазнаёміцца падчас здымак з Беларуссю, яе гісторыяй і традыцыяй ім было б не лішнім.
Што да затрымкі з выездам, то тлумачаць гэта арганізатары і жаданнем паздымаць частку шоў у Беларусі, і пэўнымі візавымі праблемамі, і затрымкай з продажам свайго праекту тэлеканалу, і гэтак далей. Але як бы там ні было, менавіта 24 траўня “Аўтобус” выпраўляецца ў замежную вандроўку. Што ў выніку атрымаецца – убачым толькі восенню па тэлебачанні. Раней ніяк – карэспандэнт Еўрарадыё ў “Аўтобус” не трапіў…
Фота: Змітра Лукашука