ПБНФ просіць Вярхоўны суд праверыць прызначэнне Карпенкі міністрам адукацыі

ПБНФ просіць Вярхоўны суд праверыць прызначэнне Карпенкі міністрам адукацыі

Партыя БНФ выступіла з заявай з нагоды прызначэння Ігара Карпенкі міністрам адукацыі. Новы міністр адукацыі быў прызначаны 15 снежня.

У дакуменце выказваецца вялікая занепакоенасць з нагоды гэтага прызначэння. Заяву падпісалі старшыня партыі Аляксей Янукевіч, а таксама яго намеснікі Рыгор Кастусёў, Вольга Лагвіновіч, Ігар Лялькоў, Аляксандр Стральцоў.

Партыя БНФ звяртае ўвагу на тое, што Карпенка з'яўляецца лідарам Камуністычнай партыі Беларусі і неаднаразова заяўляў пра сваю адданасць марксісцка-ленінскай ідэалогіі. У сувязі з гэтым апазіцыйная партыя сумняецца, што дзейнасць чыноўніка будзе адпавядаць Канстытуцыі, чацвёрты артыкул якой гаворыць: “Ідэалогія палітычных партыяў, рэлігійных або іншых грамадскіх аб’яднанняў, сацыяльных груп не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян”.

Партыя БНФ прыводзіць прыклады таго, што на пасадзе намесніка старшыні Мінгарвыканкама Карпенка аддаваў перавагу сваім партыйным поглядам перад дзяржаўнымі. Напрыклад, чыноўнік неаднаразова "не дазваляў акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі, беларускай мовы ды культуры, а таксама ў падтрымку міру ды тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны". Таксама ўказваецца, што Карпенка адстойваў такія назвы мінскіх вуліцаў, як Камуністычная, Камсамольская, Маркса, Леніна і г.д., і блакаваў ініцыятывы па наданні мінскім вуліцам імя Васіля Быкава.

Прыгадалі Карпенку таксама тое, што з яго ініцыятывы быў сёлета ў лістападзе пастаўлены помнік Леніну каля МТЗ, а школы вымушаныя падпісвацца на выданне “Коммунист Беларуси”, якая з'яўляецца органам партыі, якую ўзначальвае гэты чыноўнік.

У сувязі з гэтым Партыя БНФ просіць Вярхоўны суд, Савет міністраў ды іншыя дзяржаўныя органы ўнесці ў Канстытуцыйны суд пытанне аб правамернасці прызначэння Ігара Карпенкі міністрам адукацыі. На думку ПБНФ, такое прызначэнне можа супярэчыць артыкулу 4 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі